СІСТЭМА КІРАВАННЯ І САМАКІРАВАННЯ НА ТЭРЫТОРЫІ ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ Ў СКЛАДЗЕ ПОЛЬШЧЫ (1921–1939 ГГ.)
Журнал: Научный журнал «Студенческий форум» выпуск №21(372)
Рубрика: История и археология

Научный журнал «Студенческий форум» выпуск №21(372)
СІСТЭМА КІРАВАННЯ І САМАКІРАВАННЯ НА ТЭРЫТОРЫІ ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ Ў СКЛАДЗЕ ПОЛЬШЧЫ (1921–1939 ГГ.)
Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. тэрыторыя Заходняй Беларусі ўвайшла ў склад Польшчы. Беларускае насельніцтва, якое на дадзеных тэрыторыях складала абсалютную большасць, раптам пераўтварылася ў нацыянальную меншасць на агульнапольскім узроўні. У дагаворы адзіным магчымым шляхам для рэалізацыі і абароны правоў мясцовых жыхароў было вызначана тэрытарыяльнае самакіраванне [1, с. 54], якое ў гэтых умовах разглядалася беларусамі не толькі як адміністрацыйны інстытут, але і як магчымасць захаваць свае нацыянальныя і культурныя пазіцыі.
Актуальнасць тэмы абумоўлена некалькімі фактарамі. Па-першае, гістарычны досвед узаемадзеяння цэнтральнай улады з этнічна неаднароднымі рэгіёнамі застаецца запатрабаваным у сучасным свеце, дзе праблемы нацыянальных меншасцей і рэгіянальнага самакіравання не страцілі сваёй вастрыні. Па-другое, аналіз прычын краху польскай адміністрацыйнай мадэлі ў Заходняй Беларусі дазваляе выявіць тыповыя памылкі пры будаўніцтве сістэмы кіравання на тэрыторыях з пераважна не тытульным насельніцтвам: дэклараванне дэмакратычных норм пры іх паслядоўным невыкананні, падмена сапраўднага самакіравання жорсткім цэнтралізаваным кантролем і нацыянальна-рэпрэсіўная палітыка. Па-трэцяе, вывучэнне дадзенай праблемы спрыяе пераадоленню ідэалагічных штампаў і фарміраванню больш аб’ектыўнага погляду на складаныя беларуска-польскія адносіны міжваеннага перыяду, рэха якіх адчуваецца і сёння. Мэта працы – паказаць разрыў паміж заканадаўчымі нормамі і рэальным становішчам спраў у сістэме кіравання і самакіравання Заходняй Беларусі.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора, з 18 сакавіка 1921 г. да Польшчы была далучана заходняя частка Беларусі: Гродзенская губерня, Навагрудскі, Пінскі, частка Слуцкага, Мазырскага і Мінскага ўездаў Мінскай губерні, Лідскі, Ашмянскі, Дзісненскі ўезды Віленскай губерні [2]. На заходнебеларускай тэрыторыі быў уведзены адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, якi iснаваў у цэнтральных i заходнiх рэгiёнах Польшчы: ваяводствы, паветы, гміны (воласці), грамады. Тэрыторыя Заходняй Беларусі была падзелена на чатыры ваяводствы: Палескае, Вiленскае, Наваградскае i Беластоцкае. Згодна з гэтым падзелам былі ўтвораны і мясцовыя органы дзяржаўнага кіравання і самакіравання [3, с. 205].
Згодна з распараджэннем польскага кіраўніцтва ад 21.03.1921 г., адмiнiстрацыйную ўладу другой iнстанцыi ўзначальваў ваявода, якi прызначаўся, пераводзiўся i звальняўся кіраўніком дзяржавы паводле прапановы мiнiстра ўнутраных спраў [4, с. 175]. Паўнамоцтвы ваяводы былі надзвычай шырокімі: у яго веданні знаходзіліся амаль усе справы дзяржаўнай адміністрацыі, ён забяспечваў грамадскую бяспеку, наглядаў за грамадскімі аб’яднаннямі, планаваў бюджэт. Пасля майскага перавароту 1926 г. ваяводы атрымалі яшчэ больш самастойнасці: ім падпарадкоўваліся ўсе дзяржаўныя органы і службы, у тым ліку органы самакіравання. Згодна з Канстытуцыяй Польскай рэспублікі 1935 г. (арт. 25 п. 3, п. 5; арт. 74), ваявода стаў падпарадкоўвацца непасрэдна прэм’ер-міністру і набыў амаль неабмежаваныя паўнамоцтвы [5]. На пасаду ваяводаў прызначаліся выключна палякі з ваеннай ці палітычнай эліты. Пры ваяводзе дзейнічала ваяводскае ўпраўленне – распарадчы орган, які складаўся з аддзелаў (адміністрацыйны, бяспекі, ваенны, фінансавы, сельскай гаспадаркі і інш.), структура якога пастаянна мянялася. Хаця Канстытуцыя Польшчы 1921 г. (арт. 66–67, 70) дэкларавала стварэнне ваяводскага самакіравання [6], у Заходняй Беларусі яно не было рэалізавана. Пры ваяводах часова ствараліся ваяводскія рады і аддзелы – дарадчыя органы з рэкамендацыйнымі функцыямі. Ваяводская рада складалася з абраных членаў ад паветаў і гарадоў, якія збіралася раз у год, яе паседжанні праходзілі рэдка і нерэгулярна. Ваяводскі аддзел уключаў ваяводу, двух чыноўнікаў і шэсць абраных членаў. Рашэнні ваяводы таксама былі толькі рэкамендацыйнымі, а калі аддзел не склікаўся, ён вырашаў усё аднаасобна. І раду, і аддзел мог у любы момант распусціць міністр унутраных спраў. Такім чынам, замест рэальнага самакіравання на ваяводскім узроўні былі створаны поўнасцю залежныя ад ваяводы калегіяльныя органы, якія не мелі ніякай самастойнасці.
Ваяводствы падзяляліся на паветы. Ствараліся павятовыя адміністрацыі (староствы) на чале са старастам, якога прызначаў міністр унутраных спраў. Стараста меў на тэрыторыі павета амаль неабмежаваную ўладу – пад яго кантролем былі ўсе сферы жыцця, а самакіраванне цалкам залежала ад адміністрацыі. Гарадскіх старастаў у Заходняй Беларусі, акрамя Вільні, не было. Структура старостваў уключала да 15–16 сектараў (ваенны, будаўнічы, аховы здароўя, зямельны і іншыя). Галоўнай задачай была барацьба з «антыдзяржаўнымі элементамі» (камуністамі, беларускімі нацыянальнымі актывістамі) сіламі паліцыі. Староствы камплектаваліся толькі палякамі з цэнтральных ваяводстваў, мясцовых жыхароў на службу не бралі, а ўсіх непалякаў звальнялі.
«Крэсавыя законы» 1924 г. фармальна давалі беларусам права на родную мову ў зносінах з уладамі, але на справе чыноўнікі размаўлялі толькі па-польску, яны не ведалі мясцовых моў. Важнай апорай польскай улады сталі асаднікі – ваенныя каланісты, якія часцей за ўсё выконвалі абавязкі солтысаў, войтаў, лаўнікаў. Некаторыя высокапастаўленыя чыноўнікі (напрыклад, наваградскі ваявода М. Жэгота-Янушайціс, палескі ваявода Я. Крахельскі) крытыкавалі такую кадравую палітыку і заклікалі прыцягваць да кіраўніцтва беларусаў, але гэта не змяніла агульнай карціны [4, с. 181].
Мясцовае самакіраванне ў Заходняй Беларусі пачало стварацца з 1919 г. Нізавой адзінкай была грамада, дзе кіраўніком з’яўляўся солтыс. Фармальна яго выбіралі, але ў выніку сцвярджаў солтыса павятовы стараста, і калі кандыдат не падабаўся, стараста прызначаў свайго чалавека. Солтыс падпарадкоўваўся войту, збіраў падаткі і сачыў за парадкам, але ахвотных займаць гэтую пасаду было мала, бо праца была няўдзячная.
Буйнейшай адзінкай была сельская гміна, якая складалася з некалькіх грамад. Яе кіруючы орган – гмінная рада – цалкам залежаў ад войта, а войт – ад старасты. Выбары 1927 г. паказалі рост грамадскай актыўнасці, але польская адміністрацыя ўвесь час умешвалася ў іх. Большасць у радах складалі палякі і беларусы-каталікі. У 1934 г. з 96 войтаў Віленскага ваяводства 90 былі палякамі. Самакіраванне ў гмінах было цалкам пад кантролем польскіх улад [4, с. 183–188].
Што датычыцца павятовага самакіравання, то камунальныя саюзы, створаныя ў 1919 г., займаліся гаспадаркай, дарогамі, аховай здароўя і дабрачыннасцю. Кіруючым органам быў павятовы соймік, які зацвярджаў бюджэт і падаткі. Дэлегатаў выбіралі гарады і гмінныя рады, пры гэтым патрабавалася валодаць польскай мовай. Аднак дзейнасць рады была неэфектыўнай: паседжанні праходзілі нерэгулярна, фінансавання не хапала, людзі былі незадаволены падаткамі і нізкай кваліфікацыяй чыноўнікаў. У выніку павятовыя органы самакіравання не былі незалежнымі – іх абмяжоўвалі і старасты, і вышэйстаячыя ўлады, якія маглі распусціць іх у любы момант. Польскія ўлады не хацелі сапраўднага самакіравання ў Заходняй Беларусі, таму яно было «дэкаратыўным» і не адпавядала інтарэсам мясцовага насельніцтва [7, с. 73–79].
Гарадское самакіраванне таксама пачалі ствараць у 1919 г. Гарадская рада была прадстаўнічым органам, а магістрат на чале з бурмістрам – выканаўчым. Бурмістрамі прызначалі толькі палякаў. На выбарах 1927 г. ў радах дамінавалі яўрэі: іх было да 60 % у Палескім ваяводстве, у той час як беларусаў было толькі 7–16 %. У 1932 г. ў Палескім ваяводстве палякі складалі 88 % усіх чыноўнікаў і служачых, а беларусы – толькі 3,6 % [8, c. 126]. Па законе 1933 г. ўзмацнілі жорсткасць узроставага цэнзу і ўвялі абавязковае веданне польскай мовы, што адхіліла моладзь і беднякоў ад удзелу ў самакіраванні. Улады часта распускалі непажаданыя рады, як у Брэсце і Пінску. У 1934 г. доля яўрэяў у радах знізілася, а палякаў узрасла. У гарадскіх радах нярэдка адбывалася вострая барацьба паміж палякамі і яўрэямі. Напрыклад, у Пінску паседжанні даходзілі да таго, што выклікалі паліцыю [4, с. 190–192].
Правёўшы аналіз сістэмы кіравання і самакіравання ў Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг., прыходзім да высновы, што дэмакратычныя заканадаўчыя нормы 1919 г. так і не запрацавалі: ужо пасля 1927–1928 гг. выбарныя органы страцілі рэальны ўплыў, а беларускае насельніцтва, якое складала абсалютную большасць, апынулася цалкам адхіленым ад удзелу ва ўладзе. Палітыка паланізацыі, якая праводзілася польскімі ўладамі, правалілася, выклікаўшы не асіміляцыю, а радыкалізацыю беларускага нацыянальнага руху. Да канца 1930-х гг. польская адміністрацыя страціла любы давер з боку карэннага насельніцтва і трымалася выключна на сіле, што тлумачыць маментальны крах польскай улады ў верасні 1939 г., калі мясцовыя беларусы, якія памяталі рэпрэсіі і бяспраўе, у большасці сваёй успрынялі прыход Чырвонай Арміі як вызваленне.

