Статья:

ДА ПЫТАННЯ АБ БЕЛАРУСКІХ САВЕЦКІХ ДЫСІДЭНТАХ

Журнал: Научный журнал «Студенческий форум» выпуск №41(177)

Рубрика: Юриспруденция

Выходные данные
Якимёнок В.С. ДА ПЫТАННЯ АБ БЕЛАРУСКІХ САВЕЦКІХ ДЫСІДЭНТАХ // Студенческий форум: электрон. научн. журн. 2021. № 41(177). URL: https://nauchforum.ru/journal/stud/177/102505 (дата обращения: 26.12.2024).
Журнал опубликован
Мне нравится
на печатьскачать .pdfподелиться

ДА ПЫТАННЯ АБ БЕЛАРУСКІХ САВЕЦКІХ ДЫСІДЭНТАХ

Якимёнок Веста Сергеевна
Студэнт, Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск
Ленцевич Ольга Михайловна
научный руководитель, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск

 

Дысідэнтамі ў Савецкім Саюзе называлі людзей, якія выступалі супраць несправядлівасці і парушэння правоў чалавека, а таксама грамадзян, якія адкрыта выказвалі свае погляды, каторыя істотна адрозніваліся ад пануючай у грамадстве і дзяржаве камуністычнай ідэалогіі. Дысідэнцтва ў БССР не набыло такіх памераў, як у Расіі, Украіне, рэспубліках Прыбалтыкі і некаторых іншых, пераважна нацыянальных рэгіёнах, – грунтоўная работа Людмілы Аляксеевай не выдзяляе для беларускіх дысідэнтаў асобнага раздзелу [1]. Але яны былі, беларускія іншадумцы, мелі асаблівыя пазіцыі, адметным чынам іх выказвалі.

Беларускі дысідэнцкі рух з’явіўся як водгук на адыход ад палітычнай «адлігі» і спробу рэстаўрацыі неасталінізму ў краіне. Пасля адстаўкі М.С. Хрушчова (1964 г.) пачаў усталёўвацца жорсткі кантроль ЦК КПБ над грамадскай думкай, уводзіліся цэнзурныя абмежаванні правоў інтэлігенцыі на свабоду творчасці. У другой палове 1960-х гг. пачынаюць крытыкавацца творы беларускіх пісьменнікаў, якія рэалістычна адлюстроўвалі рэчаіснасць («Дабрасёлы» А.Кулакоўскага, «Мёртвым не баліць» В. Быкава і інш.).

Васіль Быкаў у сваёй аповесці, выдадзенай восенню 1965 г. часопісам «Маладосць», праўдзіва паказвае чалавека на вайне ў шматаблічнасці яго праяў, у глыбіннай сутнасці асобы. Сваёй аповесцю пісьменнік даносіў думку пра множнасць гераізму, які бачыўся не толькі ў яркіх подзвігах славутых герояў, а і ў паўсядзённым жыцці звычайных людзей: «Бо пакуль адных будзе цешыць подлая надзея выплысці наверх, у другіх будзе жыць страх. Будзе таіцца, хавацца, каб калі-небудзь узяць верх. Занадта глыбока жыве ў свядомасці многіх ганебная нявольніцкая мараль: як бы чаго не выйшла. І калі здарыцца, што дзе-небудзь слязьмі абальецца праўда, хіба хто-колечы не памяркуе: а ці не лепш пераседзець, перамаўчаць, перастаяць за вуглом, адвярнуцца. А яны будуць пільнаваць спрыяльны для сябе момант», – размаўляў адзін з герояў аповесці «Мёртвым не баліць» [2, с. 175].

8 красавіка ў газеце «Советская Белоруссия» быў змешчаны артыкул, у якім творчасць Васіля Быкава падвяргалася жорсткай крытыцы. Адказам на гэты артыкул стаў ліст 53 пісьменнікаў («шасцідзесятнікаў») у абарону пісьменніка, накіраваны ў ЦК КПБ. Ліст-пратэст быў падпісаны такімі класікамі беларускай літаратуры, як М. Лынькоў, Я. Брыль, М. Танк, П. Панчанка, А. Куляшоў, Г. Бураўкін, А. Вярцінскі і інш [3, с. 225].

Прадстаўнікі беларускага дысідэнцтва актыўна выступалі супраць русіфікацыі беларускага насельніцтва, фальсіфікацыі гісторыі Беларусі, змагаліся за незалежнасць Беларусі і адраджэнне яе культуры. У сваёй барацьбе з савецкай уладай беларускія дысідэнты карысталіся выключна мірнымі сродкамі. 1960-я гады сталі часам узнікнення студэнцкіх дыскусійных гурткоў, адзін з якіх быў створаны на філалагічным факультэце БДУ (студэнты-філолагі У. Іскрык, А. Белавус, Ю. Міцкевіч, студэнт-гісторык М. Ткачоў і інш.). Ён каардынаваў дзейнасць гурткоў на фізічным факультэце БДУ, на Мінскім трактарным заводзе. У кастрычніку 1968 г. студэнты філалагічнага факультэта накіравалі калектыўны пісьмовы зварот у ЦК КПБ з патрабаваннем выкладання ва ўніверсітэце на беларускай мове. У сваёй дзейнасці студэнты рабілі вялікі ўпор на вывучэнне гісторыі і прапаганду здабыткаў беларускай гістарычнай грамадска-палітычнай думкі сярод студэнцкай моладзі, пры гэтым не заклікаючы да адкрытай барацьбы з уладамі. Але ў выніку даносу студэнты, якім у віну ставіўся нацыяналізм і антысаветчына, былі выключаны з БДУ.

Анатоль Сідарэвіч, адзін з прадстаўнікоў беларускага дысідэнцтва, філосаф і ў мінулым выкладчык філасофскіх навук і грамадазнаўства ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі паведаміў аб змаганні за навучанне на беларускай мове: «Усе свае курсавыя і кантрольныя работы я прынцыпова выконваў па-беларуску, дыпломную таксама. Але тут ёсць нюанс: Іоська, Бірала, Шалькевіч, пра якіх я ўжо казаў, вылецелі з аднаго гнязда – гэта выхаванцы Лушчыцкага Івана Мікалаевіча. Яны ў любую мінуту гатовы былі да пераходу на беларускамоўнае чытанне лекцый, толькі падобная вольнасць строга забаранялася. Хоць і неафіцыйна. А калі быць сумленным да канца, трэба сказаць і пра звычайную асабістаю боязь навукоўцаў – ім маглі ўшпіліць нацыяналізм. Затое яны з прыхільнасцю ставіліся да маёй пазіцыі» [4, с. 36].

Нягледзячы на мірны напрамак, гісторыя беларускага дысідэнцтва ведае адзін выпадак нямірнай барацьбы з савецкім рэжымам, калі група Ханжанкова вырашыла падарваць Менскі радыёглушальнік. Вясной 1962 г. Сяргей Ханжанкоў з дапамогай Храпавіцкага і Сярогіна стварыў антысавецкую арганізацыю. Група здабыла шрыфт для друкавання ўлётак і выбухоўку, каб падарваць у Менску радыёглушальнік (ён не дазваляў слухаць людзям заходнія радыёстанцыі). 27 мая 1963 г. Ханжанкоў і яго сябры былі арыштаваныя, а ў кастрычніку 1963 г. Ханжанкоў быў асуджаны за «спробу зрабіць дыверсію» і «антысавецкую прапаганду» на 10 гадоў ППК [5, c. 9].

Асаблівасцямі змагання кіраўніцтва камуністычнай партыі і савецкага ўрада з дысідэнтамі было імкненне стварыць уражанне аб шырокай падтрымцы з боку беларускага народа ўнутранай і знешняй палітыкі СССР, у аснове якой ляжала марксісцка-ленінская ідэалогія. Для гэтага наладжваліся святкаванні ў дні Кастрычніцкай рэвалюцыі і Першага мая, якія лічыліся рэвалюцыйнымі святамі. Формамі такіх святкаванняў з’яўляліся масавыя сходы, грандыёзныя дэманстрацыі, у якіх прымалі ўдзел дзясяткі тысяч чалавек [3, с. 228].

З 1958 па 1961 гг. назіралася падзенне колькасці «антысавецкіх» судовых працэсаў, пакуль у 1963 г. не наступіў чарговы максімум колькасці асуджаных – 13 чалавек. Потым назіраецца стабілізацыя статыстыкі «антысавецкіх» працэсаў, калі звыклымі для БССР становяцца 2-3 асуджаных за год; у 1965 – 1967, 1974 – 1978, 1981 гг. не адбылося ніводнага працэсу. «Нерэпрэсіўны» перыяд у 1965 – 1967 гадах можна звязаць са зменамі вярхоўнай улады ў СССР і БССР, калі ў маскоўскім Крамлі Леанід Брэжнеў заступіў Нікіту Хрушчова, а ў Менску замест Кірылы Мазурова ў якасці Першага сакратара ЦК КПБ быў прызначаны Пётра Машэраў.

1967 г. завяршыў «нерэпрэсіўны» перыяд, бо ў гэтым годзе было асуджана 70 чалавек. Прычынай масавых рэпрэсій з’явіўся суд над загадчыкам адзела культуры мясцовага выканкама, камуністам, які ўчыніў забойства чалавека. Веры ў тое, што суд будзе аб’ектыўным і справядлівым, у людзей не было, гэта і з’явілася прычынаю беспарадкаў каля будынка суда, калі некалькі тысяч пратэстоўцаў патрабавалі смяротнай кары для забойцы.

Каб зразумець маштабнасць беларускага дысідэнцкага руху, трэба звярнуцца да Маскоўскага «Мемарыялу», у якім ад чэрвеня 1993 г. рэалізуецца праект па падрыхтоўцы даведачнай серыі «Пералік палітычных зняволеных паслясталінскай эпохі (1953 – 1987)». У «Мемарыяле» ёсць звесткі пра працэсы ў Беларусі і пра ўраджэнцаў Беларусі – палітзняволеных. На гэты момант апрацаваны і апублікаваны звесткі пра 1185 прадстаўнікоў беларускага дысідэнцтва [5, с.15].

Самым вядомым беларускім дысідэнтам з'яўляецца Міхаіл Кукабака, які агулам адседзеў 17 гадоў і пачаў свой пратэст з адмовы служыць тэрміновую службу ў Чэхаславакіі, у якой у 1968 г. савецкія танкі праводзілі вайсковую акцыю «прымус да міру».

Такім чынам, дысідэнцтва ў БССР сапраўды існавала, нягледзячы на тое, што яно не набыло такіх памераў, як у іншых нацыянальных рэгіёнах СССР. Беларускае дысідэнцтва з’явілася водгукам на адыход ад палітычнай «адлігі», на цэнзурныя абмежаванні правоў інтэлігенцыі на свабоду творчасці. Прадстаўнікі беларускага дысідэнства актыўна выступалі супраць русіфікацыі беларускага насельніцтва, фальсіфікацыі гісторыі Беларусі, змагаліся за незалежнасць Беларусі і адраджэнне яе культуры. У сваёй барацьбе яны карысталіся мірнымі сродкамі; гісторыя беларускага дысідэнцтва ведае толькі адзін выпадак спробы ўзброенай барацьбы з савецкім рэжымам. Змаганне кіраўніцтва камуністычнай партыі і савецкага ўрада з дысідэнтамі выяўлялася ў імкненні стварыць уражанне аб шырокай падтрымцы беларусамі ўнутранай і знешняй палітыкі Савецкага Саюза.

 

Спіс літаратуры:
1. Алексеева, Л.М. История инакомыслия в СССР: Новейший период / Л.М. Алексеева. – М.: РИЦ «Зацепа», 2001. – 382 с.
2. Шагалов, А.А. Василь Быков. Повести о войне / А.А. Шагалов. – М.: Художественная литература, 1989. – 302 с. 
3. Вішнеўская, І.У. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі: Дапамож. для студэнтаў вышэйш. навуч. устаноў / І.У. Вішнеўская. — Мінск: Тэсей, 2004. – 272 с.
4. Уліцёнак, А.Л. Іншадумцы – мыслящие иначе / А.Л. Уліцёнак; Прадмова В.У. Быкава. – Мінск: Беларусь, 1991. – 311 с.
5. Дзярновіч, А. Нонканафармізм у Беларусі: 1953 – 1985. Даведнік. Т. 1 / А. Дзярновіч. – Мінск: Athenaeum, 2004. – 252 с.