ПАЛІТЫКА-ПРАВАВАЯ КАНЦЭПЦЫЯ А. АЛІЗАРОЎСКАГА
Журнал: Научный журнал «Студенческий форум» выпуск №42(178)
Рубрика: Юриспруденция
Научный журнал «Студенческий форум» выпуск №42(178)
ПАЛІТЫКА-ПРАВАВАЯ КАНЦЭПЦЫЯ А. АЛІЗАРОЎСКАГА
Арон (Адам, Аляксандр) Алізароўскі (1618 – 1659) – адзін з палітычных мысліцелей і правазнаўцаў, прадстаўнік свецкага накірунку ў сацыялагічнай і палітыка-прававой думцы Вялікага Княства Літоўскага (далей ВКЛ) XVII ст. Выкладаў на юрыдычным факультэце Віленскай акадэміі, першай вышэйшай навучальнай установы ў ВКЛ. І хаця ў акадэміі ў сярэдзіне XVII ст. ужо панаваў схаластычны арыстацелізм, творчасць А. Алізароўскага носіць гуманістычны характар і знаходзіцца ў канве рэнесанснага арыстацелізму [1, c. 264].
У 1643 г. Алізароўскі выпускае два сачыненні, прызначаныя для навучальных мэтаў. Адно з іх прысвячалася пытанням рыторыкі, другое – палітыкі [2, с. 263]. Галоўная праца жыцця вучонага – трактат «Аб палітычнай супольнасці людзей» – была надрукавана ў 1651 г. у Гданьску на лацінскай мове. Асаблівасцю работы стала тое, што аўтар шырока выкарыстоўваў працы сваіх папярэднікаў (больш як 250 крыніц), больш за ўсё Арыстоцеля і Бадэна. Сваё меркаванне ён не заўсёды выказваў, таму некаторыя аўтары лічылі працу Алізароўскага кампіляцыяй. Часцей ен спасылаецца на такіх мысліцеляў, як Арыстоцель, Вергілій, Фама Аквінскі, Жан Бадэн, Томас Мор [3, с. 76]. Але Алізароўскі не падобны на іншых аўтараў, прадстаўляў цытаванне рознымі спосабамі: у адных выпадках ён выкладае розныя і нават супрацьлеглыя пункты гледжання, а ўласную пазіцыю выказвае праз узмоцненую аргументацыю адной з іх, у іншых – выказвае сваё стаўленне да меркавання аўтарытэтаў і, нарэшце, дае ўласную ацэнку.
Трактат «Аб палітычнай супольнасці людзей» складаецца з уводзін і трох кніг: «Дом», «Грамадства», «Дзяржава». Можа так здацца, што Алізароўскі рыхтаваў сваю працу не толькі для навуковых мэтаў, але і як навучальны дапаможнік.
У першай часцы аўтар разглядае пытанні шлюбу і сям’і, выхавання дзяцей (роля ў выхаванні літаратуры, музыкі, жывапісу, фізкультуры, падарожжаў, рамёстваў), абавязкі бацькоў і дзяцей. Асобная ўвага надаецца высвятленню межаў улады гаспадара над рабом, суадносін свабоды і рабства. Асабліва вострым у гэтым раздзеле з’яўляецца параграф «Аб земляробах царства Польскага, у прастамоўі кметах, і ці з’яўляюцца яны рабамі або свабоднымі людзьмі».
Грамадзянская супольнасць з’яўляецца нібыта жывым арганізмам. I як жывая істота, створаная ва ўзгадненні з прыродай, складаецца з пэўных прапарцыянальных упарадкаваных частак, якія абменьваюцца вынікамі працы. А. Алізароўскі, спасылаючыся на кнігу выдатнага ангельскага мысляра XVI ст. Т. Мора «Утопія», прапануе ўвесці навучанне шляхты рамёствам для таго, каб пераканаць у неабходнасці авалодання грамадзянскімі прафесіямі (у дзяржаве ўтапійцаў кожная сям’я, як вядома, спецыялізавалася на якім-небудзь рамястве). Далей аўтар імкнецца выявіць сутнасць грамадства, саслоўна-класавых адносін, права і г.д., доўга спрачаюся з тымі, хто сцярджаў, што толькі шляхціцы павінны карыстацца грамадзянскімі правамі. Шляхта, як вядома, за выкананне абавязку воінскай службы надзялялася каралём Рэчы Паспалітай правам спадчыннага валодання зямлёй, дзякуючы чаму карысталася перш за ўсё палітычнымі правамі. Алізароўскі імкнецца даказаць непераходнасць пашырэння грамадзянскіх правоў на ўсіх свабодных жыхароў дзяржавы, у тым ліку і сялян. Пад уплывам гуманістычнай ідэалогіі аўтар вырашае звязаць паняцці шляхецтва з маральнай дасканаласцю, духоўнай высакароднасцю. Ён праводзіць думку, што сапраўднае шляхецтва складаецца з маральнасці, адукаванасці, ведаў, рацыянальнага ажыццяўлення сваіх правоў і свабод, а таксама сумленнага выканання сваіх грамадзянскіх абавязкаў. Гэтым можа даказвацца тое, што, нягледзячы на існаванне ў грамадстве розных саслоўяў (вышэйшых і ніжэйшых), для кожнага іх прадстаўніка павінна была адкрывацца магчымасць пераходу з аднаго саслоўя ў іншае, а таксама грамадзяне ўсіх саслоўяў павінны былі быць роўнымі перад законам [3, с. 554].
У трэцяй частцы трактата аналізавалася паходжанне і сутнасць дзяржавы, формы дзяржаўнага кіравання. Дзяржаву Алізароўскі вызначае як «створанае з паселішчаў аб’яднанне людзей, якія звязаны правам і згодай ў імя дабра і шчасця» [1, c. 145]. Даследуючы формы дзяржаўнага кіравання (манархія, тыранія, арыстакратыя, дэмакратыя), іх станоўчыя і адмоўныя бакі, вучоны прыходзіць да высновы, што дасканаласць і моц дзяржавы залежаць ад найбольш рацыянальна абранай формы дзяржаўнага кіравання. Сам Алізароўскі быў прыхільнікам спадчыннай манархіі. Ён таксама праводзіў думку аб тым, што манарх не павінен быць іншаземцам. Палітычны мысліцель прымае да ўвагі пытанне маральнай вартасці кіраўніка дзяржавы і карыстаецца ім пры вызначэнні аптымальнай палітычнай сістэмы. Ён лічыць «шчаслівай» тую дзяржаву, якая існуе на спадчынным прынцыпе ўлады [4, с. 135].
Погляды А. Алізароўскага носяць практычны характар. Пры дапамозе арганіцысцкай канцэпцыі ён абгрунтоўвае структурнасць палітычнай супольнасці і падкрэслівае дагаворную аснову чалавечага аб’яднання. На яго думку, злучэнне людзей адбываецца дзеля сумеснай дзейнасці і абмену вынікамі працы. Падзел людзей ён абгрунтоўвае мэтазгоднасцю існавання грамадства, а паняцце саслоўнасці выступае ў яго ў сэнсе падзелу па прафесійным прынцыпе [5, c. 168].
Паводле канцэпцыі А. Алізароўскага, існуюць тры віды свабоды: прававая, філасофская і палітычная. Прававая свабода - гэта здольнасць людзей у адпаведнасці з прыроднай і агульнай годнасцю распараджацца сваім жыццём паводле ўласнага разумення і патрабаванняў закону, філасофская – улада розуму над эмоцыямі, палітычная – панаванне ў грамадстве права [6, с. 223].
Такім чынам, А. Алізароўскі, як вучоны, з’яўляецца не толькі выдатным палітычным мысліцелем свайго часу, але і выбітным стратэгам. Нягледзячы на яго нестандартны падыход да напісання самай галоўнай працы ў яго жыцці, ён змог не толькі зафіксаваць існуючы парадак палітычнай дзейнасці народа-шляхты, але і стварыць стандарты ў палітычнай культуры і паводзінах будучых пакаленняў, тым самым паспрыяўшы самавытворчасці дадзеных палітычных ідэалаў.
Ён быў прыхільнікам прагрэсіўных і незвычайных для яго эпохі ідэй аб неабходнасці ліквідацыі прыгоннага права і надзялення сялян асабістай свабодай. Таксама ён выказваў меркаванне аб свабодным пераходзе з аднаго саслоўя ў іншае. Выказаў ідэі аб дагаворнай прыродзе паходжання дзяржавы амаль не раней за заходнеўрапейскіх мысляроў. Распрацаваў уласную класіфікацыю права і трохэлементнае паняцце свабоды. Частка яго ідэй была ў эпоху Асветніцтва рэалізавана ў Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 г.