Статья:

УПЛЫЎ ІДЭЙ Я. КУПАЛЫ І Я. КОЛАСА НА ФАРМІРАВАННЕ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ НАПАЧАТКУ ХХ ст.

Журнал: Научный журнал «Студенческий форум» выпуск №28(251)

Рубрика: Юриспруденция

Выходные данные
Духаменка В.В. УПЛЫЎ ІДЭЙ Я. КУПАЛЫ І Я. КОЛАСА НА ФАРМІРАВАННЕ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ НАПАЧАТКУ ХХ ст. // Студенческий форум: электрон. научн. журн. 2023. № 28(251). URL: https://nauchforum.ru/journal/stud/251/130300 (дата обращения: 26.11.2024).
Журнал опубликован
Мне нравится
на печатьскачать .pdfподелиться

УПЛЫЎ ІДЭЙ Я. КУПАЛЫ І Я. КОЛАСА НА ФАРМІРАВАННЕ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ НАПАЧАТКУ ХХ ст.

Духаменка Вераніка Валер'еўна
студэнт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларусь, г. Мінск
Лянцэвіч Вольга Міхайлаўна
научный руководитель, навуковы кіраўнік Кандыдат гістарычных навук, дацэнт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларусь, г. Мінск

 

ВЛИЯНИЕ ИДЕЙ Я. КУПАЛЫ И Я.КОЛАСА НА ФОРМИРОВАНИЕ БЕЛОРУССКОЙ НАЦИОНАЛЬНОЙ ИДЕИ В НАЧАЛЕ ХХ ВЕКА

 

Духоменко Вероника Валерьевна

студент, Белорусский государственный университет, Беларусь, г. Минск

Ленцевич Ольга Михайловна

научный руководитель, канд. ист. наук, доцент, Белорусский государственный университет, Беларусь, г. Минск

 

2022 год у гісторыі беларускай літаратуры быў важкім на юбілейныя даты: улетку і восенню краіна адзначала 140-ыя ўгодкі з дня нараджэння адразу двух класікаў, чыя творчасць напачатку ХХ ст. стала не толькі новым словам у маладой беларускай літаратуры, але і ўзняла найважнейшыя праблемы грамадска-палітычнага жыцця краіны, – Янкі Купалы (1882 – 1942) і Якуба Коласа (1882 – 1956).

Дарэвалюцыйная творчасць Коласа і Купалы напоўнена смуткам аб цяжкім лёсе працоўнага сялянства, рэвалюцыйным пратэстам супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту беларускага народа, марай аб яго свабодным жыцці. Аўтары былі выразнікамі ідэі развіцця беларускай нацыянальнай самасвядомасці, народных пачуццяў. Яны шырока раскрывалі нацыянальны характар, асаблівасці духоўнага складу і матэрыяльнага жыцця беларусаў. Важнай акалічнасцю, якая аб’ядноўвае працы паэтаў, з’яўляецца агульны падыход да разгляду чалавечай асобы як галоўнай самакаштоўнай сілы, якая рухае гісторыю, неаддзельнай ад сукупнасці яе фізічных і духоўных праяў [1, c. 130].

Я. Колас побач з Я. Купалам «... сцвердзілі сваю, новую школу ў развіцці нацыянальнай літаратуры. Разам з празаікамі-рэалістамі М. Гарэцкім і К. Чорным, яны сталі здабыткам ужо агульнага працэсу, страцілі прыкметы індывідуальнага стылю і набылі якасці тыпалагічна вызначальных прынцыпаў. І для сучаснікаў, і для наступных пакаленняў яны сталі тым жыццядайным пачаткам, які ў значнай ступені паўплываў на змест і структуру іх твораў» [2, с. 544]. Стоячы ля вытокаў нацыянальнай рэалістычнай прозы, кожны з аўтараў зрабіў унёсак у скарбонку развіцця філасафічнасці беларускай прозы: Я. Колас – шляхам раскрыцця чалавека праз яго ўчынкі ў непарыўнай сувязі з грамадствам, побытам і прыродай; Я. Купала – праз раскрыццё індывідуальнай свядомасці і яе ўзаемаадносін з грамадствам, а таксама праз паказ народнай свядомасці, лёсу народа, повязі часоў.

Паэты клікалі народ да барацьбы з прыгнятальнікамі. Янка Купала ў сваім вершы «Водклік з 29 кастрычніка 1905 г. у Мінску», напісаным з нагоды расстрэлу 18 кастрычніка на Прывакзальнай плошчы Мінска па загаду губернатара Паўла Курлова 20-тысячнага мірнага мітынга працоўных, якія выступілі супраць царскага маніфеста ад 17 кастрычніка 1905 г., піша:

Божа наш, Божа, што гэта будзе,

Што гэтак сталі таннымі людзі?

Царскія слугі б’юць іх, страляюць

І сваіх браццяў за сабак маюць.

А за што ж гэта? – ўсё за свабоду,

Што ў моры фальшу йшлі шукаць броду…

Сышліся цешыцца з царскага ўказу,

Што ўсім свабоду прыносіў адразу.

Кожны па-свойму судзіць стаў аб гэтым:

Ці ўказ праўдзівы, ці будзе прасветам

У нашым горы, у нашай няволі,

Ці ўжо кайданаў не ўзложаць ніколі?

Колас выкрывае антынародную сутнасць грамадска-палітычнага ладу царскай Расіі. Гэтаму, напрыклад, прысвечаны яго верш «Канстытуцыя», напісаны ў 1908 г.:

Канстытуцыю далі,

Адчынілі дзверы,

I... ў астрог нас павялі,

I таўкуць без меры…

Развялося стражнікоў,

Як якой жывёлы,

Ад іх плешак і шнуроў

Чырванеюць сёлы.

У творчасці Янкі Купалы пераважаюць грамадзянскія матывы – ідэалогія адраджэння беларускай культуры і беларускай нацыі, фарміравання ў простым народзе пачуцця культурнай роўнасці з іншымі народамі. Гэта складае ядро яго светапогляду.

Светапогляд Якуба Коласа, як і Янкі Купалы першапачаткова фармаваўся ў рэчышчы рэвалюцыйнага дэмакратызму, у якім дамінавала нацыянальнае пытанне. З аднаго боку, любоў да роднага краю, а з другога – сацыяльная і нацыянальная незадаволенасць беларусаў існуючым становішчам, выклікалі ў Коласа сумна-экзістэнцыяльныя светапоглядныя ўстаноўкі [2, с. 543]. Гаворачы аб духоўных асаблівасцях беларуса, ён фіксаваў ўвагу на яго здольнасцях ды высокім душэўным стане. Апісваючы ж яго схільнасць да перманентнага пакаяння, нясмеласці і непрактычнасці, аўтар звяртае ўвагу на духоўныя, а не на матэрыяльна-практычныя арыентацыі.

Галоўнай заслугай грамадскай думкі пачатку ХХ ст., яе вынікам з’яўляецца пастаноўка пытання аб адраджэнні беларускай нацыянальнай культуры, аб праве беларускага народа на сваю дзяржаўнасць. Колас і Купала адлюстравалі ў сваёй творчасці рэвалюцыйны ўздым беларускага працоўнага народа, яго нянавісць да сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, імкненне «заняць пачэснае месца ў сям’і народаў» – «людзьмі звацца» [3, с. 91].

У дарэвалюцыйнай творчасці Купалы галоўнае месца займаюць праблемы, звязаныя з прызнаннем самога факту існавання беларускага народа, яго права на нацыянальнае самавызначэнне, самастойнае гістарычнае развіццё, уласную дзяржаўнасць. Многія яго творы напоўнены глыбокім сацыяльным зместам, накіраваны на выказванне і абарону інтарэсаў працоўнага народа, на абуджэнне ў ім рэвалюцыйнай актыўнасці [3, с. 107]. У гэтым дачыненні праграмным з’яўляецца верш «А хто там ідзе?»:

А хто там ідзе, а хто там ідзе

У агромністай такой грамадзе?

– Беларусы.

А што яны нясуць на худых плячах,

На руках ў крыві, на нагах у лапцях?

– Сваю крыўду.

А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,

А куды ж нясуць на паказ сваю?

– На свет цэлы…

На пытанне «А хто там ідзе?» аўтар даў цалкам пэўны і адназначны адказ – «беларусы». Менавіта ў гэтым слове сканцэнтравана нацыянальна-аб’яднальная ідэя.

Можна з упэўненасцю гаварыць і пра вечнае значэнне ранняй творчасці Янкі Купалы для фарміравання ўяўленняў беларусаў аб сабе як аб народзе. Паэзіі Купалы ўласцівы сімбіёз і перапляценне ўніверсальных катэгорый, нацыянальных і рэгіянальных эпiтэтаў і ключавых слоў. Адносіны людзей да «волі», па думцы Купалы, маркіравала прыналежнасць да беларускага племені/народу. Ён з наўмысным выклікам, безапеляцыйна абвяшчаў «хто не любіць волі, не нашaга роду» [3, с. 79], разумеючы, што, калі няма іншай магчымасці, варта хаця б паэтычным словам заклікаць народ да дзеяння, падштурхнуць яго да праявы актыўнай волі [2, с. 543].

Грамадска-палітычная сітуацыя 30-х гг. ХХ ст. не давала магчымасці пісьменнікам адкрыта выказваць свае думкі наконт права селяніна на зямлю і ўласную гаспадарку. Зямля, у разуменні Коласа, гэта не толькі матэрыяльны дастатак, яна арганізуе яшчэ і духоўны свет чалавека, раскрывае яго надзейнасць, сумленнасць, здольнасць умела і дбайна працаваць.

Падсумоўваючы сказанае, варта адзначыць: літаратурныя пошукі беларускіх пісьменнікаў характарызуюцца сувяззю з праблемамі часу і задачамі развіцця літаратуры. Найбольшае развіццё мастацка-філасофская думка атрымала ў тых выпадках, калі цесным чынам была звязана з надзённымі праблемамі быцця і чалавечай асобы. Дзейнасць Я. Коласа i Я. Купалы пачынае новы этап пошукаў нацыянальнай ідэі, асэнсоўваючы гістарычныя падзеі і месца чалавека ў іх. У творчасці Я. Коласа i Я. Купалы свабода і цэласнасць мастацка-філасофскага светаўспрымання спалучылася, з аднаго боку, з рамантычнай традыцыяй, а з другога – з рацыяналістычнай думкай і аналітызмам. Iх творчасць – своеасаблівы вобраз свайго часу – пачатковага перыяду станаўлення беларускай нацыі, асабліва яе маладога пакалення, якое задумваецца над праблемай выбару.

 

Спіс літаратуры:
1. Ліс, А. С. Беларуская ідэя ў паэзіі Янкі Купалы / А. С. Ліс // Творчая спадчына Янкі Купалы і Якуба Коласа ў сістэме дзяржаўна-культурных і духоўна-эстэтычных прыярытэтаў XXI стагоддзя : матэрыялы Міжнар. навук. Канф., да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, Мінск, 25–26 верас. 2012 г. / НАН Беларусі, Цэнтр даслед. беларус. культуры, мовы і літ., Ін-т мовы і літ. ; рэдкал.: А. А. Манкевіч (уклад.) [і інш.]. – Мінск, 2012. – С. 129–136.
2. Вішнеўская, І. У. Ідэалогія нацыянальнай дзяржавы ў палітыка-прававой думцы першай чвэрці ХХ ст. / І. У. Вішнеўская // Науч. тр. Белорус. гос. экон. ун-та. – Минск : БГЭУ, 2010. – С. 540–546.
3. Гаранін, Л. Я. Нацыянальная ідэя ў беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. / Л. Я. Гаранін. – Мінск : Беларус. навука, 1996. – 176 с.