Статья:

ЛЕЎ САПЕГА І СТАТУТ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА 1588 ГОДА: ПРАВАВЫЯ І ПАЛІТЫЧНЫЯ ПРЫНЦЫПЫ

Журнал: Научный журнал «Студенческий форум» выпуск №15(324)

Рубрика: История и археология

Выходные данные
Міроненка К.С., Аніськова В.Д. ЛЕЎ САПЕГА І СТАТУТ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА 1588 ГОДА: ПРАВАВЫЯ І ПАЛІТЫЧНЫЯ ПРЫНЦЫПЫ // Студенческий форум: электрон. научн. журн. 2025. № 15(324). URL: https://nauchforum.ru/journal/stud/324/171997 (дата обращения: 19.06.2025).
Журнал опубликован
Мне нравится
на печатьскачать .pdfподелиться

ЛЕЎ САПЕГА І СТАТУТ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА 1588 ГОДА: ПРАВАВЫЯ І ПАЛІТЫЧНЫЯ ПРЫНЦЫПЫ

Міроненка Кацярына Сяргееўна
студэнт, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск
Аніськова Валерыя Дзянісаўна
студэнт, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск
Лянцэвіч Вольга Міхайлаўна
научный руководитель, дацэнт, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск

 

Адным з найбольш значных перыядаў у развіцці права Беларусі XVI ст. з’яўляецца статутны перыяд, у якім адбываецца актыўная распрацоўка зводаў законаў Вялікага Княства Літоўскага (далей – ВКЛ) у трох рэдакцыях – 1529, 1566 і 1588 гг. Выданне Статута ВКЛ 1588 г. (далей – Статут 1588 г.) мела вялікае значэнне для развіцця гісторыі права не толькі Беларусі. Так, Статут 1588 г. перакладаўся на многія (лацінскую, польскую, рускую, украінскую, нямецкую, французскую) мовы [5, с. 15] і служыў узорам для кадыфікацыі заканадаўства іншых дзяржаў. Напрыклад, дарэвалюцыйны расійскі даследчык М.Ф. Уладзімірскі-Буданаў адзначаў, што пры падрыхтоўцы ў Расіі Саборнага Улажэння 1649 г. многія артыкулы былі напісаны пад моцным уплывам тэкста Статута 1588 г. [4, с. 337], а польскія навукоўцы Ю. Бардах і Т. Астроўскі адзначалі, што ў XVII–XVIII стст. у польскіх судах Статутам 1588 г. карысталіся як дадатковай крыніцай пры наяўнасці прабелаў у польскім заканадаўстве [1, с. 35]. Аб значнасці Статута 1588 г. сведчыць і доўгавечнасць яго дзеяння: на асобных беларускіх тэрыторыях афіцыйна ён быў адменены толькі ў 1840 г.

Шэраг палажэнняў Статута 1588 г. адрозніваюць яго ад іншых помнікаў права і ставяць па сваім узроўні і значнасці ў адзін шэраг з найважнейшымі тагачаснымі законамі Заходняй Еўропы. Вялікі ўнёсак у распрацоўку і наданне статуту прагрэсіўнага характару зрабіў Леў Іванавіч Сапега (1557–1633) – буйнешы прадстаўнік рэнесансава-гуманістычнай думкі беларускага Адраджэння, дзяржаўны муж, палкаводзец, правазнаўца, мысляр. Атрымаў адукацыю ў пратэстанцкай школе Нясвіжа, там жа некалькі гадоў жыў пры двары магната-кальвініста Мікалая Радзівіла-Чорнага [3, с. 52–53]. Потым, разам з сынамі Радзівіла, Сапега выехаў на вучобу за мяжу, у Лейпцыгскі ўніверсітэт. У час знаходжання ў Германіі юнак захапіўся рэфармацыйнымі ідэямі і канчаткова перайшоў з праваслаўя ў пратэстантызм [8, с. 191].

Дзяржаўна-прававыя ідэі Л. Сапегі складаліся пад уплывам ідэй антычных аўтараў. У гэтым кантэксце яго погляды даволі падобныя да пазіцый Арыстоцеля (384–322 гг. да н.э.): абодва лічылі, што дзяржава ўяўляе сабой аб’яднанне свабодных людзей, якія надзелены роўнымі правамі і абавязкамі. Мэтай дзяржавы абодва аўтары лічылі карысць ўсіх яе грамадзян. Верагодна па гэтай прычыне свабода займае цэнтральнае месца ў філасофіі права Льва Сапегі. «Заўважалі тое ўсіх вякоў мудрыя людзі, што ў кожнай рэчы паспалітай чалавеку прыстойнаму нічога не можа быць даражэй за вольнасць», – такімі словамі пачынае Л. Сапега «Зварот» да ўсіх саслоўяў ВКЛ [2, с. 287].

Сапега і Арыстоцель таксама мелі аднолькавыя погляды на «найгоршую» форму кіравання. Сапега, звяртаючыся не толькі да Жыгімонта ІІІ, але і да шырокага кола насельніцтва Княства, папярэджвае на гістарычных прыкладах аб небяспечнасці тыраніі манарха ў дзяржаве. Спасылаючыся на аўтарытэт Арыстоцеля, ён амаль даслоўна цытуе яго словы: «Там бельлуа, а па-намашму, дзікі звер уладарыць, дзе чалавек па свайму меркаванню ўладу сваю ажыццяўляе, а дзе зноў права або статут верх мае, там сам Бог усім валодае» [7, с. 14].

Спасылаючыся затым на Цыцэрона (106–43 гг. да н.э.), Сапега гаворыць, што закон стрымлівае бяспраўе і нястрыманых людзей, а потым дадае, што людзі павінны быць нявольнікамі закона для таго, каб маглі карыстацца свабодай у дзяржаве: «Становімся нявольнікамі законаў для таго, каб свабоды ўжываць маглі» [2, с. 287].

Менавіта гэтыя, сфармуляваныя яшчэ да нашай эры, погляды вялікіх мысляроў антычнасці, атрымалі сваё далейшае развіццё ў галоўнай пісьмовай спадчыне Л. Сапегі, праца над якой стала галоўнай працай яго жыцця, – Статуце 1588 г. Вядома, што асноўнай прычынай распрацоўкі Статута 1588 г. было падпісанне акта Люблінскай уніі ў 1569 г. Трэба адзначыць, што пасля таго, як ВКЛ і Каралеўства Польскае заключылі дзяржаўную ўнію, Л. Сапега вымушаны быў перайсці ў каталіцтва, паколькі гэтага патрабавала складанае знешнепалітычнае становішча дзяржавы. Аднак змена канфесійнай прыналежнасці ніяк не адлюстроўвала сапраўдныя яго адносіны да рэлігіі: гэты крок насіў выключна палітычны характар і ўвогуле ніяк не быў звязаны з светапоглядным выбарам мысляра. Менавіта таму, нягледзячы на тое, што Леў Іванавіч перайшоў у каталіцтва, ён на ўсё астатняе жыццё заставаўся прыхільнікам ідэй кальвінізму – той формы рэфармацыйнага руху, у якой ён з самага дзяцінства рос і выхоўваўся. Кальвінізм, па сваёй сутнасці, нёс дэмакратычныя, нават рэспубліканскія ідэі, што фарміравала аснову палітыка-прававых прынцыпаў жыцця самога Сапегі, якія былі адлюстраваны ў ніжэйразгледжаных нормах Статута 1588 г.

Асноўнае дзяржаўна-прававое значэнне Статута 1588 г. заключалася ў тым, што ён уяўляў сабой акт барацьбы за захаванне самастойнасці і адасобленасці ВКЛ, а дакладней – заканадаўча замацоўваў ідэю суверэнітэта дзяржавы нават у канфедэрацыі з Польшчай. У тэксце Статута ні разу не ўзгадана Люблінская ўнія, не змешчаны ў пачатку тэкст уніі і іншыя пастановы сойма, як дыктавалі зрабіць яму ўмовы знешнепалітычнага становішча. З прычыны таго, што тэкст уніі абмяжоўваў правы ВКЛ як самастойнай дзяржавы, было вырашана наогул не ўключаць яго ў Статут. Таксама гэты прынцып бачны і ў арт. 1 раздз. 3, які абвяшчаў захаванне самастойнасці ВКЛ і недатыкальнасць межаў дзяржавы: «Аб пашырэнні Вялікага Княства Літоўскага» [7, с. 111].

Другі важнейшы прынцып, замацаваны ў Статуце 1588 г., – прынцып рэлігійнай талерантнасці. Сапега лічыў, што праваслаўныя беларусы і ўкраінцы павінны самі зрабіць свой рэлігійны выбар, бо законным з’яўляецца толькі свабоднае веравызнанне. У арт. 3 раздз. 3 адзначана: «… прывілеем і прысягай нашай вырашана мір паміж рознымі рэлігіямі сцерагчы <…> Іменем усёй Рэчы Паспалітай абяцаем і абавязуемся верай, гонарам і сумленнем… ніякага разладу паміж сабой не чыныць і не дапускаць ніякага раз’яднання… » [7, с. 42–43]. Акрамя гэтага, у сваім пісьме да ўніяцкага біскупа Іясафата Кунцэвіча Сапега пісаў, што нават сам Бог «не прымае слуг, якіх яму дастаўляюць сілай» [6, с. 76]. Такім чынам, шматканфісійная дзяржава можа існаваць толькі калі ўсе грамадзяне маюць і карыстаюцца роўнымі правамі, а закон ахоўвае асабістую годнасць і ўласнасць кожнага чалавека, нягледзячы на яго веравызнанне.

У «Звароце да ўсіх саслоўяў» Л. Сапега падкрэсліваў, што сутнасць свабоды складаюць неадчуждальныя (натуральныя) правы чалавека на ўласнасць, асабістую і маёмасную недатыкальнасць, абарону гонару і годнасці, сваботы рэлігійнага і палітычнага выбару [2, с. 287]. Яны павінны быць замацаваны заканадаўча і забяспечаны дзяржавай.

Прапанаваная Сапегам канцэпцыя дзяржавы, якая будуецца на ідэі вяршынства закона, патрабавала роўнасці ўсіх перад законам і судом. Згодна з арт. 1 разд. 1: «Перш за ўсё мы, гаспадар, абяцаем і абавязуемся… гэтымі правамі і артыкуламі, у гэтым жа статуце ніжэй пісанымі і ад нас дадзенымі, будзем судзіць і дзйнічаць. Таксама чужаземцы і загранічнікі… павінны быць судзімыя і ў тых урадах, дзе хто правінаваціцца» [7, с. 18]. Менавіта так замацаваўся прынцып прававога суверэнітэту – адзінства права на ўсёй тэрыторыі дзяржавы і падпарадкавання закону ўсіх грамадзян незалежна ад саслоўнага становішча, веравызнання і пасады.

Упершыню ў Еўропе Статут 1588 г. замацаваў на практыцы прынцып падзелу ўладаў у тым выглядзе, у якім ён рэалізуецца і па сённяші дзень: заканадаўчую галіну ўлады ажыццяўляў Сойм (раздз. 3 «Аб вольнасцях шляхецкіх і аб пашырэнні Вялікага Княства Літоўскага»), выканаўчую – Вялікі князь, ваяводы, старасты (раздз. 1 «Аб персоне нашай гаспадарскай»), судовую – Трыбунал ВКЛ, земскія і падкаморскія суды (раздз. 4 «Аб суддзях і аб судах») [7, с. 18–108]. Норма насіла неверагодна прагрэсіўны характар, паколькі ў далейшым тэорыя падзелу ўладаў будзе сфармулявана Дж. Локам (1632 –1704) у яго працы «Два трактаты аб кіраванні» толькі праз стагоддзе.

Унікальнасць дадзенага помніка права пацвярджае і тое, што ў той час, калі большасць еўрапейскіх краін былі абсалютнымі манархіямі, Статут 1588 г. абмяжоўваў правы манарха законам і соймам, а таксама вызначаў яго пасаду як выбарную, а не спадчынную. Дадзенае палажэнне і ідэю падзелу ўладаў развіваў прынцып дэмакратызму, адлюстраваны ў арт. 34 раздз. 1 [7, с. 32]. Яго сутнасць заключалася ва ўпершыню зробленай спробе абмежавання атрымання адной асобай некалькіх службовых пасад адначасова.

У Статуце былі значна дэталізаваны нормы крымінальнага права. Закон развіў закладзеныя яшчэ ў папярэднім Статуце ВКЛ 1566 г. палажэнні аб прынцыпе прэзумпцыі невінаватасці, што знайшло сваё адлюстраванне ў арт. 2 разд. 1 «Мы, гаспадар, абяцуем нікога не караць па завочным абвінаванні…» [7, с. 18]. У адпаведнасці са Статутам, прэзумпцыя невінаватасці распаўсюджвалася і на простых людзей (арт. 3 разд. 14 «Аб злоўленным з рэчавымі доказамі ў гарадах нашых гаспадарскіх і аб зводах крадзяжу, калі хто будзе злоўлены з чым-небудзь») [7, с. 196]. У законе абвяшчаўся і прынцып асабістай адказнасці (арт. 18 разд. 1 «Не павінен ніхто ні за кога адказваць, толькі кажны сам за сябе») [7, с. 25–26].

Статут 1588 г. стаў адным з першых еўрапейскіх законаў, які замацаваў нормы аб ахове навакольнога асяроддзя. Закон прадугледжваў асобны раздзел 10, які рэгламентаваў парадак карыстання зямлёй, лясамі, пытанні, якія тычыліся бортніцтва, рыбалоўства, нават заканадаўча рэгламентаваў тэрміны палявання (арт. 18 «Аб тым, каб ніхто на чужых землях паляваць не асмельваўся») [7, с. 156].

Істотная колькасць нормаў Статута 1588 г. кажа пра яго гуманістычную накіраванасць. Так, вызваляліся ад крымінальнай адказнасці асобы, якія не дасягнулі 16 гадоў, хоць раней узрост крымінальнай адказнасці складаў 14 гадоў (арт. 11 разд. 14 «Аб абвінаванні ў крадзяжы непаўналетняга шляхціца, а тксама і простага чалавека») [7, с. 201]. Замацоўвалася права жанчын добраахвотна выходзіць замуж, валодаць маёмасцю, прызнаваліся роўныя правы мужа і жонкі ў дачыненні да дзяцей, што давала жанчыне пэўную свабоду.

Падводзячы вынік, адзначым, што ідэалогія Рэфармацыі мела вялікі ўплыў на палітыка-прававыя ідэі беларускага Адраджэння і, у прыватнасці, на погляды Льва Іванавіча Сапегі. Рэфармацыя ўяўляла сабой ідэалагічны наступ буржуазіі, якая атрымала эканамічную моц, уладу і імкнулася да ўлады палітычнай [1, с. 46]. Аднак рэалізацыя гэтага палажэння ў час ВКЛ мела шмат асаблівасцей, што садзейнічала стварэнню непаўторнай шматвяковай гісторыі прававой культуры і думкі беларускага народа.

Так, у поглядах Л. Сапегі як прадстаўніка памяркоўна-гуманістычнага напрамку беларускага Адраджэння, былі адлюстраваны элементы раннебуржуазнага юрыдычнага светапогляду, а таксама мела месца спроба сфармуляваць асноўныя прынцыпы пабудовы дзяржавы, якая пазней атрымае назву прававой. Некаторыя з іх насілі прагрэсіўны характар і ў сучаснасці былі мадэрнізаваны ў той ступені, у якой патрабавалася для таго, каб адпавядаць сацыяльна-эканамічным, палітычным і іншым абставінам.

Разам з тым, нягледзячы на гуманістычны напрамак думкі Л. Сапегі, яго сацыяльна-палітычныя погляды даволі яскрава праяўлялі саслоўную і гістарычную абмежаванасць. Будучы абаронцам інтарэсаў шляхты, пераважна буйных землеўладальнікаў, ён пакінуў у Статуце нормы, якія замацоўвалі прывілеяванае прававое становішча шляхты ў краіне. Гістарычны аспект заключаўся ў яго перакананні, што ўсе праблемы грамадскага жыцця могуць быць вырашаны на маральна-этычным і прававым узроўні без істотных змен існуючых сацыяльна-прававых інстытутаў.

Аднак высакародныя ідэі, выказыная Л. Сапегам, значна апярэджвалі свой час, што і рабіла іх сведчаннем новага мыслення на айчыннай глебе. Надрукаваныя разам з тэкстам Статута радкі з рэдкім дарам прароцтва кажуць: «Жывіце ж, Сапегі ўсе, многія гады, Ваша слава зіхцець будзе ў свеце заўжды» [7, с. 16].

 

Спіс літаратуры:
1. Бардах Ю. Штудыі з гісторыі Вялікага княства Літоўскага / пер. М. Раманоўскага, А. Істоміна. – Мінск: Бел. гіст. агляд, 2002. – 459 с.
2. Белорусские мыслители XVI – XVII вв. Избранные труды. – Минск: Редакция журнала «Промышленно-торговое право», 2017. – 320 с.
3. Вішнеўская І.У. Палітычная і правая думка Беларусі на мяжы еўрапейскіх цывілізацый (Ⅸ – пачатак ⅩⅩⅠ стст.): манаграфія. – Мінск : Тэсей, 2008. – 296 с.
4. Владимирский-Буданов М.Ф. Обзор истории русского права: лекции. – Ростов н/Д: Феникс, 1995. – 653 с. 
5. Довнар Т.И. Выдающийся европейский памятник права XVI ст. // Право и демократия: сб. науч. трудов / Белорус. гос. ун-т. – Минск, 2013. – С. 15–27.
6. Памятники философской мысли Белоруссии XVII – первой половины XVIII вв. / У.У. Дуброўскі [і інш.]; рэдкал.: А.С. Майхровіч [і інш.]. – Мінск: Навука i тэхнiка, 1991. – 318 с.
7. Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. / перакл. на бел. мову А.С. Шагун. – Мінск: Беларусь, 2002. – 207 с.
8. Шалькевіч В.Ф. Тэарэтычная спадчына Льва Сапегі і беларускае нацыянальнае адраджэнне канца XIX – пачатку XX ст. (пастаноўка праблемы) // Гісторыя і сучаснасць: беларуская дзяржаўнасць ва ўсходнееўрапейскім цывілізацыйным кантэксце: зборнік навуковых прац, прысвечаных 90-годдзю з дня нараджэння прафесара І.А. Юхо. – Мінск, 2012. – С. 189–197.