ПРЫНЦЫП ТАЛІЁНА Ў ПРАВАВЫМ ЗВЫЧАІ ЎСХОДНІХ СЛАВЯН
Журнал: Научный журнал «Студенческий форум» выпуск №23(332)
Рубрика: История и археология

Научный журнал «Студенческий форум» выпуск №23(332)
ПРЫНЦЫП ТАЛІЁНА Ў ПРАВАВЫМ ЗВЫЧАІ ЎСХОДНІХ СЛАВЯН
Прынцып таліёна ў традыцыйным прававым звычаі ўсходніх славян займаў значнае месца ў фарміраванні архаічнай сістэмы справядлівасці. Аналіз таліёна дазваляе глыбей зразумець механізмы функцыянавання ранніх форм права, якія, напрыклад, адлюстраваны у Рускай Праўдзе і іншых крыніцах. Вывучэнне таліёна ва ўсходнеславянскім рэгіёне дае магчымасць супаставіць яго з падобнымі інстытуцыямі ў іншых культурах. Таксама даследаванне паказвае, як жорсткія формы адплаты паступова трансфармаваліся ў больш цывілізаваныя механізмы прававой адказнасці. Даследаванне прынцыпа таліёна ў прававым звычаі ўсходніх славян дазваляе не толькі глыбей асэнсаваць гістарычныя аспекты права, але і лепш зразумець вытокі сучасных юрыдычных норм. Гэта адкрывае магчымасці для далейшага вывучэння ўплыву традыцыйных інстытутаў на развіццё прававой культуры.
Прынцып таліёна – закон эквівалентнасці адплаты, які фармулюе біблейскае правіла: «Вока за вока, зуб за зуб» – шырока выкарыстоўваўся ў законах старажытных цывілізацый, калі справядлівасць успрымалася літаральна, без змякчальных абставін. У Законах Хамурапі прама сказана: «Калі чалавек выбіў зуб чалавеку, роўнаму яму, то павінны выбіць зуб яму». Падобнае правіла сустракаецца і ў Старым Запавеце, дзе пакаранне мусіла цалкам адпавядаць нанесенай шкодзе: «Душу за душу, вока за вока, руку за руку». Нават Шарыят, рэгулюючы пытанні цялесных пашкоджанняў, дапускаў нанесенне раны, роўнай па памеры, але не большай.
Прынцып таліёна ў сваім першапачатковым выглядзе здаецца суровым і бескампрамісным, але ён быў неабходны для падтрымання парадку ў грамадстве, дзе асабістая помста магла прывесці да бясконцага цыклу насілля. У далейшым заканадаўства развівалася, і адплата стала больш сімвалічнай, саступаючы штрафам і кампенсацыям, але сам прынцып дагэтуль застаецца магутным сімвалам справядлівасці, хоць і ў болш мяккай форме [1, с. 190].
Прынцып таліёна ўзнік не проста як спосаб пакарання, а як адлюстраванне глыбокіх светапоглядных установак старажытных грамадстваў. Яго карані сыходзяць у дуалістычную карціну свету, якая супрацьпастаўляе хаос і парадак, дабро і зло. У славянскіх уяўленнях гэта знаходзіла свой выраз у Праўдзе і Крыўдзе.
Ідэя справядлівасці, дзе пакаранне дакладна адпавядае злачынству, звязана з раннімі міфалагічнымі сюжэтамі, у якіх барацьба паміж разбурэннем і гармоніяй мела свяшчэннае значэнне. У гэтым кантэксце справядлівасць успрымалася не як навінка, а як аднаўленне страчанага парадку, выпраўленне несправядлівасці. Менавіта таму старажытнарускія абшчыны ўспрымалі законы не як жорсткія правілы, а як спосаб утрымання балансу.
Звычайнае права ўсходніх славян, якое называлася праўдай, преданьем або норовам, уключала ў сябе механізм кроўнай помсты, які быў найважнейшым інструментам захавання сацыяльнай раўнавагі. Парушэнне ўсталяванага парадку ўспрымалася не толькі як асабістае злачынства, але і як разбурэнне быцця, якое патрабавала неадкладнага адплаты.
З цягам часу, з развіццём дзяржаўнасці, прынцып таліёна трансфармаваўся, саступаючы месца больш структураванай сістэме пакаранняў. Аднак яго след знаходзіцца нават праз тысячагоддзе, праяўляючыся ў рэакцыі грамадства на злачынствы, у імкненні да справядлівасці як да аднаўлення страчанай раўнавагі. Менавіта гэтая глыбінная сувязь з міфалагічнымі і прававымі ўяўленнямі робіць прынцып таліёна не проста прававой нормай, а часткай фундаментальнага светапогляду [2, с. 113]. Пачатак свой ён бярэ ў глыбокай старажытнасці. У юдзейскіх законах роля прынцыпу таліёна была вельмі вялікая. Стары Запавет (Тора) змяшчае адну са старажытных вядомых фармулёвак гэтага прынцыпу. Фраза «вока за вока» з’яўляецца цытатай з Кнігі Зыходу (21:23-27). Яна паўтораная таксама ў кнізе Левіт (24:19–20): «Хто зробіць пашкоджанне на целе блізкага свайго, таму павінна зрабіць тое ж, што ён зрабіў: пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб».
У ісламе зноў адраджаецца старажытнаіўдзейскі прынцып таліёна, але зараз ён з’яўляецца больш дэталізаваным: «О вы, якія паверылі! Прадпісана вам адплата за забітых: вольны – за вольнага, раб – за раба, жанчына – за жанчыну. Калі забойца прабачаны сваяком забітага – сваім плацём да веры, – то забійце – палягчэньне вам ад вашага Госпада і міласьць (Каран 2:178). «Для вас у адплаты – асновы жыцця, аб уладальнікі розуму! Быць можа, вы станеце богабаязнымі» (Каран 2:179) [4].
Прынцып таліёна знайшоў сваё адлюстраванне і ў старажытнарускім праве, асабліва ў Рускай Праўдзе – адным з першых пісьмовых зборнікаў звычаёвага права Кіеўскай Русі.
Яркі прыклад можна знайсці ў Судзе Яраслава Уладзіміравіча, дзе вызначалася, як павінна адбывацца адплата за забойства. Паводле арт. 1, калі «муж заб’е мужа, то помсціць павінен брат за брата, або бацька, або сын, або стрыечны брат», што паказвае абавязковасць кроўнай помсты. Калі ніхто не хацеў або не мог адпомсціць, то забойца павінен быў сплаціць штраф: 80 грыўняў за княжага мужа, 40 грыўняў за купца, гродзіна, мечніка або ізгоя [3].
Гэтая сістэма пакарання сведчыць, што Руская Праўда, нягледзячы на паступовае ўкараненне грашовага штрафу (віры), захоўвала прынцып раўназначнай адплаты. На ранніх этапах развіцця дзяржавы гэта быў ключавы элемент правапарадку, які падтрымліваў сацыяльны баланс і перашкаджаў хаосу.
З цягам часу княжацкая ўлада пачала замяняць кроўную помсту на штрафы, што стала крокам да фарміравання больш цэнтралізаванай судовай сістэмы. Аднак сама ідэя адплаты, пры якой пакаранне дакладна адпавядае злачынству, заставалася асновай прававых уяўленняў старажытнарускага грамадства [3].
Прававыя звычаі адлюстроўвалі маральныя і этычныя прадстаўленні грамадства, вызначалі абавязкі і правы членаў супольнасці. Яны служылі формай вырашэння спрэчак і падтрымання сацыяльнай стабільнасці. Напрыклад, кроўная помста дазваляла пакрыўджанаму боку абараніць сваю годнасць і аднаўляць справядлівасць. Прынцып талёна, у сваю чаргу, садзейнічаў упарадкаванню помсты, удакладняючы, што пакаранне за злосны ўчынак павінна быць роўным.
Гэтыя нормы былі важныя не толькі для вырашэння індывідуальных канфліктаў, але і для падтрымання грамадскага парадку і гарантыі бяспекі. Яны паказвалі, як грамадства ў той час успрымала справядлівасць і пакаранне, закладаючы асновы для развіцця больш складаных прававых сістэм у будучыні.
Прынцып таліёна адыграў значную ролю ў развіцці права ў славянскіх землях. Ён быў адной з найстарэйшых прававых норм, якая закладала аснову для фарміравання прававых звычаяў і законаў, а таксама дапамагала падтрымліваць грамадскі парадак і справядлівасць. Прынцып таліёна працягваў выкарыстоўвацца ў прававых сістэмах продкаў беларусаў да Статутовага перыяду Вялікага Княства Літоўскага. У Статуце 1588 г. ужо пераважала сістэма грашовых штрафаў і судовых пакаранняў, што сведчыць аб паступовым адыходзе ад прынцыпу раўназначнай адплаты. Аднак яго элементы можна было сустрэць у звычаёвым праве і ранейшых статутах ВКЛ (1529, 1566), дзе яшчэ захоўваліся нормы, звязаныя з адплатай за злачынства.
Справядлівасць і прапарцыйнасць былі забяспечаны прынцыпам таліёна, які гарантаваў адпаведнасць пакарання за злачынства ўзроўню нанесенага ўрону. Гэта дазваляла грамадству адчуваць сябе больш справядлівым і зніжала верагоднасць некантраляванай помсты, бо кожны ведаў, што за яго дзеянні будзе ўстаноўлена прапарцыйнае пакаранне.
Сацыяльная стабільнасць падтрымлівалася дзякуючы прынцыпу таліёна, які дазваляў кіраваць канфліктамі ў супольнасці без нежаданага нарастання насілля. У адрозненне ад крывавай помсты, якая магла спараджаць бясконцыя кругі гвалту, таліён служыў сродкам для рэгуляцыі адносін і падтрымліваў стабільнасць у грамадстве.
З часам прынцып таліёна аказаў уплыў на стварэнне пісьмовых заканадаўчых актаў і кодэксаў. Ён стаў асновай для больш складаных юрыдычных сістэм, якія з’явіліся ў славянскіх землях, і адлюстраваў развіццё разумення справядлівасці і права. Акрамя таго, таліён спрыяў развіццю культурных і рэлігійных нормаў, якія падкрэслівалі важнасць справядлівасці, ўзгодненасці і аднаўлення міру ў супольнасці, што садзейнічала інтэграцыі прававых звычаяў у духоўнае жыццё славян.
Заключэнне. Прынцып таліена – закон эквівалентнасці адплаты, які фармулюе правіла: «Вока за вока, зуб за зуб».
У крымінальным заканадаўстве многіх краін важны прынцып справядлівага адпаведнага пакарання. Напрыклад, за лёгкія правапарушэнні не даюцца крайнія меры, а сур’ёзныя злачынствы патрабуюць больш жорсткіх санкцый. Таксама у ранніх славянскіх прававых звычаях замест фізічнага пакарання ўсё часцей ужываліся штрафы і выплаты. Гэтая практыка сёння знайшла сваё адлюстраванне ў сістэме фінансавых кампенсацый пацярпелым. Ідэя, што злачынства не павінна заставацца беспакараным, паходзіць ад традыцыйнага разумення таліёна і захоўваецца ў сучасным правасуддзі.
Хоць непасрэдны прынцып таліёна ў сваім першапачатковым выглядзе страціў актуальнасць, яго асноўныя ідэі – справядлівасць, адпаведнасць пакарання правапарушэнню і кампенсацыя шкоды – працягваюць уплываць на сучасныя прававыя сістэмы. Даследаванне гэтай тэмы паказвае, як старажытныя нормы права эвалюцыянавалі і сталі часткай сучаснай юрыдычнай тэорыі і практыкі.
З розных прыкладаў прымянення прынцыпу таліёна бачна, што ён у розных прававых сістэмах у многіх народаў мае адну агульную асаблівасць. Перш за ўсё – гэта жаданне справядлівага рашэння ў канфліктнай сітуацыі. Варта толькі прааналізаваць любы збор законаў любой краіны, як становіцца ясна, што нават самыя сучасныя нормы дэмакратычных краін нараджаліся з гэтых старажытных прынцыпаў [4].
