АСАБЛІВАСЦІ РЭАЛІЗАЦЫІ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ПАЛІТЫКІ ПОЛЬШЧЫ Ў ДАЧЫНЕННІ ДА БЕЛАРУСАЎ ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ Ў МІЖВАЕННЫ ПЕРЫЯД
Журнал: Научный журнал «Студенческий форум» выпуск №24(333)
Рубрика: Юриспруденция

Научный журнал «Студенческий форум» выпуск №24(333)
АСАБЛІВАСЦІ РЭАЛІЗАЦЫІ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ПАЛІТЫКІ ПОЛЬШЧЫ Ў ДАЧЫНЕННІ ДА БЕЛАРУСАЎ ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ Ў МІЖВАЕННЫ ПЕРЫЯД
Актуальнасць тэмы даследавання нацыянальнай палітыкі ІІ Рэчы Паспалітай у дачыненні да беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг. вызначаецца неабходнасцю больш глыбокага асэнсавання працэсаў фармавання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці ва ўмовах палітыкі асіміляцыі, культурна-моўнага прыгнечання і абмежавання правоў нацыянальных меншасцяў. Перыяд з’яўляецца ключавым для разумення сучасных этнакультурных і палітычных працэсаў у Беларусі, а таксама служыць асновай для аналізу праблем міжнацыянальных адносін, дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да меншасцяў і гісторыка-культурнай памяці.
Пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы ад 18.03.1921 г. тэрыторыя Заходняй Беларусі ўвайшла ў склад Польскай рэспублікі. У дзяржаўных дакументах тэрыторыя атрымала назву «Крэсы ўсходне» што азначала ўсходнія ўскраіны ІІ Рэчы Паспалітай. Рыжскі мір (арт. VII) абавязваў польскі ўрад гарантаваць рускім, украінцам і беларусам «свабоднае развіццё іх культуры, мовы і практыку рэлігійных абрадаў» [5]. Арт. 109 Канстытуцыі Польскай Рэспублікі 1921 г. зацвярджаў права на захаванне мовы і нацыянальнай ідэнтычнасці [3]. Спачатку назіралася пэўная гнуткасць у культурным узаемадзеянні, але з ускладненнем палітычнай сітуацыі і знешніх пагроз палітыка паланізацыі стала значна больш жорсткай. Заканадаўства станавілася стражэйшым, і прымусовае выкарыстанне польскіх нормаў і сімвалаў у дзяржаўным жыцці выклікала адчуванне культурнага гвалту сярод мясцовых беларусаў.
Нацыянальная палітыка польскай дзяржавы у 1921–1926 гг. характарызавалася асіміляцыяй (далучэннем мясцовага насельніцтва да палякаў), то бок рэалізацыяй канцэпцыі эндэкаў (нацыянал-дэмакратычнай партыі) аб жорсткай, канфрантацыйнай паланізацыі няпольскага насельніцтва ў рамках схемы «адна дзяржава – адзін народ» [4, с. 100]. Праводзілася ўрадавая палітыка пацыфікацыі, накіраваная на гвалтоўнае ўціхамірванне этнічных і нацыянальных меншасцяў. Так у 1921 г. быў выдадзены Закон аб друку, які ўводзіў строгія абмежаванні на друкаваныя выданні, патрабуючы, каб усе публікацыі выходзілі на польскай мове. Закон зніжаў магчымасці для самавыяўлення нацыянальных меншасцяў і распаўсюджвання інфармацыі на роднай мове. Пры тым, што некаторыя беларускія выданні працягвалі выходзіць, яны сутыкаліся з цэнзурай і абмежаваннямі, што абцяжарвала іх існаванне.
У 1923 г. быў прыняты закон, які забараняў выкарыстоўваць на тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай, акрамя польскай, іншыя мовы. Міністр юстыцыі Польшчы ў 1926–1928 гг. А. Мяйштавіч сцвярджаў: «Беларусь самой гісторыяй прызначана быць мастом для польскай экспансіі на Усход. Беларуская этнаграфічная маса павінна быць перароблена ў польскі народ. Гэта прысуд гісторыі; мы павінны гэтаму спрыяць» [6, c. 55]. Беларусы прызнаваліся польскімі ўладамі людзьмі, згодлівымі польскаму культурнаму ўплыву [6, с. 55]. Таму, калі паланізацыя ўкраінцаў праходзіла з дапамогай сілавых метадаў і рэпрэсій, то паланізацыя беларусаў вялася галоўным чынам адміністрацыйнымі метадамі [6, с. 63].
Рэжым Юзэфа Пілсудскага абапіраўся на паліцэйскі апарат. На тэрыторыі Заходняй Беларусі актыўна дзейнічала польская таемная паліцыя, праводзіліся арышты нелаяльных, працавалі турмы і суды. У 1934 г. быў створаны канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай, дзе ўтрымліваліся праціўнікі польскага рэжыму. Такім чынам, відавочна: нацыянальная палітыка Польшчы прытрымлівалася сваёй схемы «адна дзяржава – адзін народ».
Нацыянальная палітыка распаўсюджвалася і на эканамічныя справы. Заходняя Беларусь разглядалася польскім урадам як аграрны прыдатак: рынак збыту прадукцыі і крыніца таннай працоўнай сілы і сыравіны. Беларускае дрэва актыўна вывозілася польскімі ўладамі. Большай часткай беларускіх зямель валодалі польскія памешчыкі, а таксама асаднікі. Сяляне бяднелі і разараліся, многія пакідалі радзіму.
Асноўным нарматыўным актам, які рэгуляваў усе праваадносіны на далучаных землях, з'яўлялася Канстытуцыя Польскай Рэспублікі ад 17.03.1921 г., у каторай шэраг артыкулаў рэгламентаваў сферу адукацыі. У прыватнасці, арт. 110 замацоўваў норму, паводле каторай польскія грамадзяне, якія належаць да нацыянальных, рэлігійных або моўных меншасцяў, карыстаюцца роўным з іншымі грамадзянамі правам засноўваць, кантраляваць і весці за свой уласны кошт усякія дабрачынныя, рэлігійныя і сацыяльныя ўстановы, свае школы і іншыя выхаваўчыя ўстановы, а таксама спавядаць рэлігіі [3].
Калі мы будзем абапірацца на асноўны закон ІІ Рэчы Паспалітай 1921 г., можна зрабіць выснову, што асаблівых перашкод для развіцця беларускай школы не было. Трэба разумець, што вялізная колькасць беларускага насельніцтва, якое пражывала на далучанай тэрыторыі, мела патрэбу ў адукацыі на роднай мове. Аднак ёсць два даволі яркія факты. У 1921 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічала 514 беларускіх школ. У 1924 г. у Парыжы пры падтрымцы Лігі Нацый быў створаны Камітэт прыгнечаных Польшчай нацый, галоўнай задачай каторага з'яўлялася барацьба за рэалізацыю тых правоў, гарантаваных законамі ІІ Рэчы Паспалітай і міжнароднымі актамі. У выніку націску нацыянальна-вызваленчага руху ўдалося дасягнуць некаторых вынікаў. 31.07.1924 г. быў прыняты «Закон аб мове і арганізацыі школьнай працы для нацыянальных меншасцяў». Планавалася, што сістэма адукацыі будзе выхоўваць дзяцей польскай і няпольскай нацыянальнасці «добрымі грамадзянамі». Згодна з законам, у тых паветах, дзе нацыянальныя меншасці складалі не меньш за 25 % ад агульнай колькасці насельніцтва, можна было адкрыць школы на роднай мове, у выпадку згоды 40% бацькоў навучэнцаў [1, с. 21].
У прыватнасці, такі крок можна разглядаць як прамежкавы этап да паланізацыі насельніцтва Беларусі праз сістэму адукацыі. Новы віток закрыцця беларускіх школ адбыўся ў выніку ўмацавання ўлады Ю. Пілсудскага. Так, у 1933–1934 навуч. годзе колькасць беларускіх школ зменшылася да 16, а ў 1936–1937 гг. засталося толькі 3 беларускія школы і 13 змешаных польска-беларускіх, у якіх навучалася каля 2,8 тыс. навучэнцаў. А ўжо ў 1938–1939 навуч. годзе на тэрыторыі Заходняй Беларусі не засталося ніводнай беларускай школы [1, с. 22].
Каталіцкая царква разглядалася як інструмент нацыянальнай палітыкі Польшчы ў дачыненні да рэлігіі Заходняй Беларусі для ўмацавання польскай ідэнтычнасці. Абмяжоўваўся ўплыў іншых канфесій, у прыватнасці, праваслаўнай царквы, якая ўспрымалася польскімі ўладамі як апора беларускай і расійскай ідэнтычнасці. Польскі ўрад актыўна падтрымліваў развіццё каталіцтва, будаўніцтва новых касцёлаў, польскія школы пры касцёлах і распаўсюджванне польскай мовы ў набажэнствах. Каталіцкім святарам аказвалася падтрымка, у той час як для праваслаўных ствараліся перашкоды. «Прынятая ў Польшчы канстытуцыя прызнавала рыма-каталіцкае вызнанне пануючым сярод іншых канфесій. Упраўленне па справах веравызнанняў знаходзілася ў руках міністра веравызнання і народнай асветы» [2, с. 9].
Нягледзячы на фармальныя абавязацельствы, меры польскіх улад прыводзілі да росту незадаволенасці і пачуцця прыгнечанасці сярод беларускага насельніцтва, што, у сваю чаргу, спрыяла імкненню да абароны сваёй асаблівасці і стала прычынай напружанасці і канфліктаў у рэгіёне.
Вырасла новае пакаленне паэтаў, чыя творчасць была звязана з рэвалюцыйна-дэмакратычным напрамкам у паэзіі і адлюстроўвала барацьбу беларускага народа за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Пратэст супраць нацыянальнага прыгнёту выяўляўся ў творах У. Таўлая, М. Машары, М. Засіма і многіх іншых маладых паэтаў Заходняй Беларусі. Адным з найбольш вядомых дзеячаў культуры 20-х – 30-х гг. ХХ ст. з'яўляецца Максім Танк (сапраўднае імя – Яўген Скурко). Польскія ўлады тройчы арыштоўвалі паэта.
Адной з формаў рэакцыі мясцовага насельніцтва было супраціўленне. На тэрыторыі Заходняй Беларусі разгарнуўся актыўны нацыянальна-вызваленчы рух. У 1920-я гг. ствараліся партызанскія атрады. Дзейнічалі беларускія палітычныя арганізацыі, такія як Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) і інш., якія выступалі за аўтаномію Заходняй Беларусі, абарону беларускай мовы і культуры. Супраць паланізацыі актыўна выступала масавая легальная культурна-асветніцкая арганізацыя Таварыства беларускай школы (ТБШ) пад кіраўніцтвам Б.А. Тарашкевіча. Арганізацыя займалася адкрыццём беларускамоўных школ, клуб-чытальняў, бібліятэк, а таксама выданнем кніг, падручнікаў, газет і часопісаў.
Адаптацыя часткі беларускага насельніцтва выражалася ў прыняцці польскага грамадзянства і лаяльнасці да польскай улады. Некаторыя беларусы прымалі польскае грамадзянства і імкнуліся адаптавацца да новых умоў, каб атрымаць доступ да адукацыі, працы і іншых магчымасцяў. Частка беларускага насельніцтва пераходзіла на польскую мову і пераймала польскую культуру, асабліва ў гарадах.
Супрацоўніцтва таксама сустракалася: невялікая частка беларускага насельніцтва актыўна супрацоўнічала з польскімі ўладамі, займала пасады ў адміністрацыі, паліцыі ды іншых дзяржаўных установах, адкрыта прасоўваючы польскую культуру і мову, прымаючы ўдзел у польскіх культурных і прапагандысцкіх мерапрыемствах.
Да верасня 1939 г. нацыянальная палітыка Польшчы мела дыскрымінацыйны характар, арыентаваны на асіміляцыю ўсходнеславянскіх этнасаў. Этнаканфесійныя групы ўспрымаліся як другарадныя супольнасці, чыя дзейнасць магла быць дазволена пры ўмове іх лаяльнасці польскай дзяржаве і абмежавана, калі яны адхілялі прыналежнасць да польскага народа ў шырокім сэнсе.
Такім чынам можна зрабіць выснову, што нацыянальная палітыка Польшчы ў Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг. уяўляла сабой комплекс мер, накіраваных на інтэграцыю і паланізацыю рэгіёна. Мэтай палітыкі было стварэнне адзінай польскай дзяржавы, але ў выніку яна прывяла да палярызацыі грамадства, узмацнення беларускага нацыянальнага руху і ў канчатковым выніку – да захавання беларускай ідэнтычнасці, нягледзячы на націск з боку дзяржавы.
