Статья:

ПРАЕКТ «ЗВОДУ МЯСЦОВЫХ ЗАКОНАЎ» ІГНАТА ДАНІЛОВІЧА

Журнал: Научный журнал «Студенческий форум» выпуск №26(335)

Рубрика: Юриспруденция

Выходные данные
Дзямко А.А. ПРАЕКТ «ЗВОДУ МЯСЦОВЫХ ЗАКОНАЎ» ІГНАТА ДАНІЛОВІЧА // Студенческий форум: электрон. научн. журн. 2025. № 26(335). URL: https://nauchforum.ru/journal/stud/335/176028 (дата обращения: 08.09.2025).
Журнал опубликован
Мне нравится
на печатьскачать .pdfподелиться

ПРАЕКТ «ЗВОДУ МЯСЦОВЫХ ЗАКОНАЎ» ІГНАТА ДАНІЛОВІЧА

Дзямко Артур Аляксандравіч
студэнт Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск
Лянцэвіч Вольга Міхайлаўна
научный руководитель, навуковы кіраўнік, канд. гіст. навук, дацэнт, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск

 

Калі Праекту «Зводу мясцовых законаў» (далей па тэксту – «Звод», «Заходні Збор», «Збор») і не наканавана было зрабіцца кодэксам дзеючага права, то з гэтага не вынікае, што гэты значны для беларусаў помнік права быў забыты. Сваё значэнне для сучаснай навукі ён захоўвае і па сённяшні дзень, як каштоўны матэрыял, які адлюстроўвае вынік паступальнага развіцця літоўска-польскага права да пачатку XIX ст., як вынік, дасягнуты доўгай і дбайнай працай выбітных знаўцаў гэтай прававой сістэмы. Адным з найвядомейшых навукоўцаў, які валодаў усімі неабходнымі дадзенымі для паспяховага выканання даручанай працы, стаў Ігнат Мікалаевіч Даніловіч (1797–1843) – польска-літоўскі гісторык, магістр права, пазней – ардынарны прафесар Маскоўскага ўніверсітэта па кафедры законаў паліцэйскіх і крымінальных, стацкі саветнік [5].

Работы па прывядзенні ў парадак мясцовага права заходніх губерняў прынялі паспяховы абарот толькі тады, калі справа кадыфікацыі была перададзена Другому аддзяленню Уласнай Яго Вялікасці Канцылярыі пад кіраўніцтвам М.М. Сперанскага. Менавіта ён абраў для складання першапачатковага праекта ў красавіку 1830 г. выбітнога знаўцу літоўска-польскага права, тады прафесара Харкаўскага ўніверсітэта І.М. Даніловіча [6, с. 121].

У сярэдзіне 1830 г. Даніловіч і прыкамандзіраваны яму ў дапамогу чыноўнік II аддзялення Ф.С. Малеўскі, прыступілі да працы па складанні «Заходняга Збору». У адпаведнасці з аглядам мер, прынятых да складання Збору, з 1830 г. належала перш за ўсё выканаць падрыхтоўчыя работы:  1) усталяваць план Збору; 2) сабраць усе патрэбныя для яго матэрыялы; 3) скласці з іх падрабязныя выпіскі. Агульнае правіла гучала так: «лепш выпісаць што-небудзь залішняе, чым прапусціць штосьці патрэбнае» [8]. Пасля заканчэння падрыхтоўчай працы былі праведзены канчатковыя работы, якія ўключалі наступныя этапы: 1) суаднесці выпіскі з планам, утварыць з іх артыкулы Збору; 2) зрабіць ім паверку; 3) скласці канчатковы выклад. З гэтай мэтай быў створаны асаблівы Рэвізійны камітэт, які строга і ўважліва разглядаў кожны артыкул Збору. Па заканчэнні паверкі і рэвізіі быў распачаты канчатковы выклад артыкулаў Збору. Пры гэтым асаблівая ўвага была звернута на наступныя моманты: на паўнату прадметаў; на дакладнасць; на яснасць і прастату выразаў; на зручнае і стройнае размяшчэнне частак Збора; асаблівая ўвага звернута на зручнасць практычнага ўжывання Збору.

Да 1833 г. быў скончаны першапачатковы праект Заходняга Збору на польскай мове. Ён уяўляў сабой зборнік матэрыяльнага і працэсуальнага права, які складаўся з трох частак [1]. Частка 1 была сканцэнтравана ў дзвюх кнігах і мела 196 арт., прысвечаных прававому становішчу асобных сацыяльных катэгорый насельніцтва – шляхты, духавенства, сялян і мяшчан. Другая частка ў складзе 5-ці кніг уключала 947 арт. і павінна была рэгуляваць прававыя праблемы шлюбна-сямейнага і цывільнага права. Частка 3 складалася з трох кніг і ўключала 896 арт., прысвечаных судоваму ладу і судаводству па некаторых катэгорыях цывільных спраў [2].

Пасля заканчэння гэтай аб’ёмнай працы І. Даніловіч быў узнагароджаны ордэнам Св. Ганны другой ступені [5]. Варта адзначыць, што адначасова з працамі па самім Зборы І.М. Даніловіч падрыхтаваў гістарычныя ўводзіны да яго, з якіх пасля быў зроблены «Агляд гістарычных звестак аб складанні Збору мясцовых законаў заходніх губерняў». Гэта даследаванне заключала ў сабе кароткую гісторыю крыніц літоўска-польскага права; без яго сам Збор быў бы незразумелы [3].

Праект Зводу быў перакладзены на рускую мову і апрацаваны з тэхнічнага і рэдакцыйнага боку. Па распараджэнні Сперанскага, ён быў перададзены на абмеркаванне Асаблівага камітэта. Да працы камітэт прыступіў у канцы 1835 г. і скончыў яе ў жніўні 1836 г. Выпраўлены і дапоўнены такім чынам праект быў надрукаваны ў 1837 г. ў вельмі малой колькасці (50 асобнікаў).

Разам з тым, работы па праверцы і падрыхтоўцы канчатковага тэксту праекту на гэтым не прыпыніліся. З гэтай мэтай складзена 10 адмысловых цыдулак, якія былі накіраваныя ў Дзяржаўны Савет 2 мая 1838 г. Гэтыя запіскі 8 і 11 чэрвеня 1838 г. удастоіліся Найвышэйшага сцвярджэння [3]. У сувязі з тым, што гэтыя меркаванні тычыліся рэдакцыі праекта Заходняга Збору, яны павінны былі непасрэдна ўвайсці ў яго склад і не былі апублікаваны самастойна. Такім чынам, у 1838 г. работы па складанні Заходняга Збору амаль закончыліся – заставалася толькі ўнесці ў праект змены, выкліканыя меркаваннямі Дзяржаўнага Савета, і дапоўніць яго новымі законамі, якія выйшлі ў прамежкавы час, пасля чаго Збор можна было б увесці ў дзеянне.

Праект, у аснове якога ляжаў Статут ВКЛ, несумнеўна валодаў добрымі якасцямі, але яго лёс прадвызначылі абставіны не юрыдычнага, а палітычнага характару, звязаныя з польскай палітыкай Мікалая I. Як адзначаў М.В. Доўнар-Запольскі, стварэнне праекту Збору – гэта «была апошняя мера, якая прадугледжвала весці палітыку па шляху прызнання мясцовых правоў і асаблівасцяў. Увядзенне мясцовага права тады ўжо не адпавядала б напрамку, які зарадзіўся ў рускай палітыцы» [9]. Выданне ўказа 25 чэрвеня 1840 г. распаўсюджвала на заходнія губерніі дзеянне агульнага Збору Законаў Імперыі, і адмену пакінутых там у сіле асаблівых узаконенняў. З прычыны гэтага ўказа адпала неабходнасць у выданні Зводу, і памяць аб ім паступова пачала знікаць.

Сярод некаторых асаблівасцей праекта патрэбна адзначыць наступныя:

  • Праект вызначыў асноўныя пачаткі і сутнасць законаў, якія ў яго ўваходзілі: «Законы мясцовыя, запазычаючы сілу сваю таксама, як і законы агульныя, ад адзінай улады Самадзяржаўнай, распасціраюцца на тыя толькі губерні і вобласці, якім асабліва прадастаўлены, і ахопліваюць тыя толькі выпадкі, на якія менавіта, як вынятак з агульных правілаў, пастаноўлены; ва ўсіх іншых выпадках дзеянне агульных законаў Імперыі захоўвае і ў гэтых губернях і абласцях поўную сваю сілу» [8].
  • Па тэрытарыяльнай прыкмеце прызначаўся для Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Валынскай, Кіеўскай, Падольскай губерняў і Беластоцкай вобласці [11]. Далучэнне гэтых тэрыторый суправаджалася афіцыйным прызнаннем захавання правоў, якімі іх жыхары мелі да пераходу пад юрысдыкцыю Расіі.
  • Уяўляў з сябе сінтэз Літоўскага Статута, норм магдэбургскага права, пастаноў сеймаў Рэчы Паспалітай і інш. Разам з тым, з далучэннем Заходняга краю да Расіі, некаторыя роды гэтых законаў зусім змяніліся, іншыя змяніліся збольшага, іншыя ж засталіся ў ранейшай іх сіле. Пасля 1830–31 гг. праводзілася палітыка поўнага зліцця заходніх губерняў з унутранымі губернямі Расіі, што прадугледжвала ўвядзенне там агульнарасійскага заканадаўства.
  • «Мясцовыя законы Заходняга краю не ва ўсіх яго абласцях мелі аднолькавае дзеянне – у губернях Літоўскіх кола іх цясней, чым у былых правінцыях Каронных, а ў Маларасіі яны яшчэ цясней, чым у Літве» [8].
  • Збор мясцовых заходніх губерняў не быў канчаткова складзены таму, што ўзнікла пытанне аб адмене абавязковай сілы Літоўскага статута, наогул, у імперыі, а затым быў прыняты шэраг законаў, якія адмянілі дзеянне Літоўскага статута, менавіта ўказам 1 студзеня 1831 г. […] дзеянне яго спынена ва ўсёй Беларусі, а затым пазней 25 чэрвеня 1840 г. – ва ўсіх заходніх губернях, вернутых ад Польшчы (менавіта: Кіеўскай, Падольскай, Валынскай, Мінскай, Віленскай, Гродзенскай і вобласці Беластоцкай, а 4 сакавіка 1843 г. – у Чарнігаўскай і Палтаўскай)» [10].
  • Перавыданне «Збору мясцовых правоў заходніх губерняў» у 1910 г. звязана з перадрукаваннем «Агляда гістарычных звестак аб стане збору мясцовых законаў заходніх губерняў», якое змяшчала гісторыю крыніц літоўска-польскага права і служыла ўступам да Заходняга збору.
  • Збор законаў заходніх губерняў не ўступіў у сілу, але для яго стварэння было сабрана і прааналізавана мноства крыніц. У выніку з’явіўся дастаткова важкі помнік права, які характарызуе прававое становішча розных груп насельніцтва і дае ўяўленні аб асаблівасцях і прававой аўтаноміі беларускіх зямель, якія ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі ў пачатку XIX ст. [4].

Разам з тым, як аўтарытэтны выраз дзеючага права нашай заходняй ускраіны ў першай палове XIX ст., Заходні збор захоўвае і дагэтуль практычнае значэнне ва ўсіх тых выпадках, калі вывучаюцца і даследуюцца праваадносіны, каторыя ўзніклі да ўказа 1840 г.

І.М. Даніловіч зрабіў істотны ўнёсак у папулярызацыю заканадаўства ВКЛ і праватворчы працэс XIX ст. Амаль усё жыццё навуковец прысвяціў выяўленню, збору, апрацоўцы, друкаванню і тлумачэнню пісьмовых крыніц права нашай Айчыны. Менавіта за гэта мы і павінны быць яму глыбока ўдзячныя [7].

 

Спіс выкарыстаных крыніц:
1. Барейко Д.В. Историко-правовые исследования профессора Виленского университета И.Н. Даниловича [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://edoc.bseu.by:8080/bitstream/edoc/16899/2/Bareyko_D_V_s_5_ ocr.pdf – Дата доступа: 10.05.2025.
2. Нолъде А. Очерки по истории кодификации местных гражданских законов при графе Сперанском. – Вып. 1.: Попытка кодификации литовско-польского права. – С-Пб.: Сенатская типография, 1906. – 314 с. 
3. Обозрение исторических сведений о составлении свода местных законов западных губерний / издали по поручению юридического факультета Императорского Санкт-Петербургского университета: М.Я. Пергамент, профессор и А.Э. Нольде, приват-доцент. – С-Пб.: Товарищество Н. Голике и А. Вильборг, 1910. – 61 [3] с.
4. Пивоварова Ю.К вопросу об истории создания свода законов Западных губерний [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://edoc.bseu.by:8080/ bitstream/edoc/7094/2/Pivovarova_Yu_Nac_ekonomika_RB_2011_S_246-247_ ocr.pdf – Дата доступа: 10.05.2025.
5. Половцов А. А. Русский биогрфический словарь [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://azbyka.ru/otechnik/Spravochniki/russkij-biograficheskij-slovar-tom-6/83 – Дата доступа: 10.05.2025.
6. Саракавік І.А. «І.М. Даніловіч – адзін з актыўнейшых пачынальнікаў айчыннай навуковай юрыспрудэнцыі» // «Долгий XIX век» в истории Беларуси и Восточной Европы: исследования по Новой и Новейшей истории / Государственное учреждение образования «Республиканский институт высшей школы». – Вып.1. – Минск: РИВШ, 2017. – С. 118 – 127. 
7. Саракавік, І.А. «…Лучший для своего времени знаток литовского права» // Юстыцыя Беларусі. – 2013. – № 6 (2). – С. 75 – 79.
8. Свод местных законов западных губерний / издали по поручению юридического факультета Императорского Санкт-Петербургского университета: М.Я. Пергамент, А.Э. Нольде. – С-Пб.: Товарищество Н. Голике и А. Вильборг, 1910. – 446 с. 
9. Тараборин Н.С. Местное гражданское законодательство в западных и малороссийских губерниях Российской империи. [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://elib.bsu.by/handle/123456789/110404 – Дата доступа: 10.05.2025.
10. Федута А.И. Филомат в империи: документальная повесть о Францишке Малевском [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://static.tunnel.ru/media/files/2019-11/post/133373/feduta_filomat-v-imperii-.pdf – Дата доступа: 13.05.2025.
11. Щавинская Л., Лабынцев Ю. Литература белорусов Польши (XV–XIX вв.). – Минск: НББ, 2003. – 228 с.