Статья:

РОЛЯ БЕЛАРУСІ Ў ААН (ДА 80-ГОДДЗЯ З ДНЯ ЗАСНАВАННЯ)

Журнал: Научный журнал «Студенческий форум» выпуск №22(331)

Рубрика: История и археология

Выходные данные
Казак М.У., Паўлюкевіч К.У. РОЛЯ БЕЛАРУСІ Ў ААН (ДА 80-ГОДДЗЯ З ДНЯ ЗАСНАВАННЯ) // Студенческий форум: электрон. научн. журн. 2025. № 22(331). URL: https://nauchforum.ru/journal/stud/331/174984 (дата обращения: 25.08.2025).
Журнал опубликован
Мне нравится
на печатьскачать .pdfподелиться

РОЛЯ БЕЛАРУСІ Ў ААН (ДА 80-ГОДДЗЯ З ДНЯ ЗАСНАВАННЯ)

Казак Марыя Уладзіміраўна
студэнтка, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск
Паўлюкевіч Кіра Уладзіміраўна
студэнтка, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск
Лянцэвіч Вольга Міхайлаўна
научный руководитель, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск

 

З моманту свайго заснавання Арганізацыя Аб’яднаных Нацый (далей – ААН) з’яўляецца ключавой платформай для міжнароднага супрацоўніцтва, накіраванай на падтрыманне міру і бяспекі, садзейнічанне ўстойліваму развіццю і абарону правоў чалавека. Рэспубліка Беларусь, як адна з краін-заснавальніц ААН, актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці арганізацыі, уносячы свой уклад у вырашэнне глабальных праблем. Гэты даклад прысвечаны аналізу ролі Беларусі ў ААН, яе асноўным прыярытэтам і ініцыятывам, а таксама выклікам і перспектывам далейшага ўзаемадзеяння.

У перыяд Другой сусветнай вайны, а менавіта падчас Тэгеранскай канферэнцыі, лідэры Савецкага Саюза, Злучаных Штатаў і Вялікабрытаніі прыйшлі да пагаднення аб стварэнні ўплывовай міжнароднай арганізацыі, закліканай вырашаць ключавыя сусветныя канфлікты і забяспечваць стабільнасць і бяспеку на планеце – Арганізацыі Аб’яднаных Нацый [1, с. 59]. Імкнучыся ўмацаваць сваё ўздзеянне на працу ААН, Савецкі Саюз прапанаваў прызнаць усе саюзныя рэспублікі, уключаючы Беларускую ССР, паўнапраўнымі ўдзельнікамі новай арганізацыі. Аднак краіны антыгітлераўскай кааліцыі вырашылі ўключыць у лік заснавальнікаў новай міжнароднай арганізацыі толькі Беларусь і Украіну, улічваючы іх істотны ўклад у перамогу над нацызмам, а таксама каласальныя чалавечыя і матэрыяльныя страты пад час акупацыі.

У маі 1945 г. прадстаўнікі дэлегацыі БССР, якой кіраваў народны камісар замежных спраў БССР Кузьма Венядзіктавіч Кісялёў, прынялі ўдзел у канферэнцыі, якая праходзіла ў Сан-Францыска з 25 красавіка 1945 г. 26 чэрвеня 1945 г. дэлегацыя БССР, разам з прадстаўнікамі яшчэ 50 дзяржаў, падпісала Статут ААН [2], зацверджаны Вярхоўным Саветам БССР 30 жніўня таго ж года. Уступленне БССР у склад самай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі істотна змяніла становішча рэспублікі і адкрыла новыя перспектывы для яе міжнароднага ўзаемадзеяння.

Супрацоўніцтва з ААН заўсёды з’яўлялася і з’яўляецца найважнейшым вектарам знешняй палітыкі нашай дзяржавы. Дастаткова ўзгадаць, што з гэтага напрамку, па сутнасці, пачала развівацца беларуская дыпламатыя. Беларусь з самых першых дзён свайго сяброўства ў ААН заняла актыўную пазіцыю. Беларускія ініцыятывы адбіліся ў палажэннях Канвенцыі ААН аб непрымяняльнасці тэрмінаў даўнасці да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва. Мала хто ведае, што на 14-й сесіі Генасамблеі па ініцыятыве Беларусі прынята першая ў ААН рэзалюцыя аб міжнародным заахвочванні навуковых даследаванняў у галіне прычын і лячэння ракавых захворванняў (прынята 20 лістапада 1959 г.), а таксама на 28-й сесіі Генасамблеі – рэзалюцыя аб выкарыстанні навукова-тэхнічнага прагрэсу ў інтарэсах міру і сацыяльнага развіцця (прынята 10 лістапада 1975 г.). Па сутнасці, з падачы Беларусі гэтыя тэмы, такія актуальныя і сёння, атрымалі ўжо тады асаблівую ўвагу з боку міжнароднай супольнасці [3, с. 42].

Беларусь зарэкамендавала сябе ў ААН як адказны і міралюбівы ўдзельнік, каторы паслядоўна адстойвае прынцыпы мірнага супрацоўніцтва. Дзякуючы гэтай пазіцыі, голас краіны мае вагу ў арганізацыі. На працягу перыяду незалежнасці Беларусь актыўна вылучае актуальныя ініцыятывы, накіраваныя на вырашэнне глабальных праблем. Адной з ключавых ініцыятыў, прапанаваных Аляксандрам Лукашэнкам у 2005 г., стала фарміраванне партнёрства па барацьбе з гандлем людзьмі. Гэта ініцыятыва стала візітнай карткай знешняй палітыкі Беларусі. Яе практычным вынікам стала аднагалоснае прыняцце Генеральнай Асамблеяй ААН у 2010 г. Глабальнага плана дзеянняў па барацьбе з гандлем людзьмі. У рамках гэтага плана быў створаны Мэтавы фонд ААН для абароны ахвяр гандлю людзьмі, асабліва жанчын і дзяцей, у які Беларусь рэгулярна ўносіць добраахвотныя ўзносы. Па ініцыятыве Беларусі ў ААН была створана Група сяброў, якія аб’дналіся ў барацьбе супраць гандлю людзьмі, у якую ўвайшлі 23 дзяржавы з розных рэгіёнаў свету, а таксама міжінстытуцыянальная каардынацыйная група, якая аб’ядноўвае 22 міжнародныя арганізацыі. Гэта паклала пачатак фармаванню глабальнага партнёрства ў гэтай сферы. З 2006 г. Беларусь актыўна прасоўвае ў ААН рэзалюцыю Генасамблеі «Паляпшэнне каардынацыі барацьбы з гандлем людзьмі». Акрамя таго, па ініцыятыве Беларусі быў заснаваны Сусветны дзень барацьбы з гандлем людзьмі, які адзначаецца з 2014 г. 30 ліпеня [4]. Акрамя барацьбы з гандлем людзьмі, Беларусь выступае з шэрагам іншых важных ініцыятыў у ААН, уключаючы:

• Падтрымку традыцыйных сямейных каштоўнасцяў (Беларусь з’яўляецца адным з каардынатараў Групы сяброў сям’і ў ААН).

• Прасоўванне інтарэсаў краін з сярэднім узроўнем даходу.

• Чарнобыльскае супрацоўніцтва.

• Забарона новых відаў зброі масавага знішчэння.

• «Рэгіянальнае раззбраенне» шляхам стварэння ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе зоны, вольнай ад ядзернай зброі.

Беларусь, па ініцыятыве Прэзідэнта А.Р. Лукашэнкі, вылучыла новую дыпламатычную канцэпцыю – стварэнне «паясоў лічбавага добрасуседства». Прапанова была агучаная 3 верасня 2019 г. на міжнароднай канферэнцыі ў Мінску. Яна накіравана на ўмацаванне міжнароднай інфармацыйнай бяспекі праз заключэнне двухбаковых і шматбаковых пагадненняў. Як падкрэсліў беларускі лідэр на канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам, «ключавымі элементамі такіх дамоўленасцей маглі б стаць ідэі лічбавага суверэнітэту і нейтралітэту, якія ў першую чаргу будуць гарантаваць неўмяшанне краін у інфармацыйныя рэсурсы адзін аднаго» [5].

Сярод апошніх ініцыятыў Беларусі ў ААН можна адзначыць рэзалюцыі «Роля прафесійнага перакладу ў збліжэнні народаў і ўмацаванні міру, садзейнічанні ўзаемаразуменню і развіццю» (2017 г.) і «Міжнародная асацыяцыя пастаянных прадстаўнікоў дзяржаў-членаў ААН» (красавік 2018 г.). Гэтыя рэзалюцыі накіраваны на падтрыманне духу дыялогу, сяброўства і супрацоўніцтва ў ААН як адных з важных перадумоў паспяховага развіцця грамадства.

Рэспубліка Беларусь, як дзяржава-член ААН, таксама прыняла на сябе абавязацельствы па дасягненню 17 Мэт устойлівага развіцця (руск. ЦУР), сфармуляваных на парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 г. Гэтыя мэты ахопліваюць шырокі спектр узаемазвязаных праблем, ад выкаранення беднасці і голаду да забеспячэння гендэрнай роўнасці, барацьбы са зменай клімату і пабудовы мірных і інклюзіўных таварыстваў.

У цэлым Беларусь не толькі прымала актыўны ўдзел у рабоце шэрагу буйнейшых міжнародных форумаў, якія праводзіліся пад эгідай ААН, але і праводзіла мерапрыемствы па рэалізацыі іх рашэнняў. Яна абіралася членам Савета Бяспекі, Эканамічнай і Сацыяльнай рады, Камісіі па правах чалавека, Камітэта па праграме і каардынацыі, Выканаўчай рады ЮНЕСКА, Камісіі па ўстойлівым развіцці, Праграмы развіцця ААН, Дзіцячага фонду ААН, Камісіі па навуцы і тэхніцы ў мэтах развіцця, Адміністрацыйнай рады МАП.

Таксама варта адзначыць, як Беларусь, якая перажыла боль Чарнобыля, у 2016 г. ініцыявала рэзалюцыю ААН аб міжнароднай салідарнасці з пацярпелымі ад чарнобыльскай аварыі і іх імкненні да аднаўлення. Рэзалюцыя заклікае сусветную супольнасць не аслабляць увагу да доўгатэрміновых наступстваў катастрофы і працягваць скаардынаваныя намаганні для іх пераадолення. Ключавая ідэя дакумента – неабходнасць далейшага чарнобыльскага супрацоўніцтва пад эгідай ААН, накіраванага на ўстойлівае развіццё пацярпелых тэрыторый і паляпшэнне жыцця насельніцтва праз партнёрскія праекты, укараненне інавацый і прыцягненне інвестыцый. Рэзалюцыя заклікае дзяржавы-члены і арганізацыі сістэмы ААН узгадніць падыходы да развіцця міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтай сферы, улічваючы завяршэнне дзесяцігоддзя ААН па рэабілітацыі і ўстойлівым развіцці пацярпелых рэгіёнаў у 2016 г. Абвяшчэнне 26 красавіка Міжнародным днём памяці аб чарнобыльскай катастрофе стала важным сімвалічным крокам, заснаваным на прапанове, агучанай Эдзі Роўч, заснавальніка міжнароднага праекта «Дзеці Чарнобыля» [6].

Беларусь у рамках ААН паслядоўна выступае за ўмацаванне рэгіянальнай і глабальнай бяспекі і за аднаўленне шырокага міжнароднага дыялогу па ўмацаванні мер даверу, бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе. Беларусь выступае супраць палітыкі сілы і дамінавання і спроб перапісаць міжнародныя правілы ў аднабаковым парадку. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што Мінск будзе «падтрымліваць усе талковыя ініцыятывы, якія адпавядаюць разуменню справядлівага светаўладкавання, шматпалярнасці ў свеце» [7].

 

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ:
1. Семенов, К. К. Тегеран 43. Встреча, определившая ход истории./ К. К. Семенов. – М. : ИД Комсомольская правда, 2024. – 160 с.
2. Организация Объединённых Наций. Устав Организации Объединённых Наций : [Электронны рэсурс]. – Нью-Йорк, 1945–2025. – URL: https://www.un.org/ru/about-us/un-charter (дата обращения: 13.05.2025).
3. Знак, Ю. Э. ООН : история и современность : учебное пособіе / Ю. Э. Знак, И. И. Стамова. – М. : Проспект, 2024. – 120 с.
4. СБ. Беларусь сегодня. Мы не рабы, рабы – не мы : [Электронны рэсурс]. – Мінск, 2024. – URL: https://www.sb.by/articles/my-ne-raby-rab (дата обращения: 13.05.2025).
5. БЕЛТА. Лукашенко выступил с инициативой формирования «пояса цифрового добрососедства» : [Электронны рэсурс]. – Минск, 2019. – URL: https://www.belta.by/president/view/lukashenko-vystupil-s-initsiativoj-formirovanija-pojasa-tsifrovogo-dobrososedstva-360560-2019/ (дата обращения: 13.05.2025).
6. Министерство по чрезвычайным ситуациям Республики Беларусь. О развитии международного сотрудничества в сфере последствий Чернобыльской катастрофы : [Электронны рэсурс]. – Минск, 2024. – URL: https://chernobyl.mchs.gov.by/novosti/189149/ (дата обращения: 13.05.2025).
7. БЕЛТА. К 80-летию ООН: участие Беларуси в создании и работе организации : [Электронны рэсурс]. – Минск, 2025. – URL: https://belta.by/society/view/k-80-letiju-oon-uchastie-belarusi-v-sozdanii-i-rabote-organizatsii-711275-2025/ (дата обращения: 13.05.2025).