Статья:

РЭЛІГІЙНАЯ ПАЛІТЫКА ПОЛЬСКІХ УЛАД У ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ (1921-1939 ГГ.)

Журнал: Научный журнал «Студенческий форум» выпуск №22(373)

Рубрика: История и археология

Выходные данные
Трышын Р.У. РЭЛІГІЙНАЯ ПАЛІТЫКА ПОЛЬСКІХ УЛАД У ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ (1921-1939 ГГ.) // Студенческий форум: электрон. научн. журн. 2026. № 22(373). URL: https://nauchforum.ru/journal/stud/373/188563 (дата обращения: 09.07.2026).
Журнал опубликован
Мне нравится
на печатьскачать .pdfподелиться

РЭЛІГІЙНАЯ ПАЛІТЫКА ПОЛЬСКІХ УЛАД У ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ (1921-1939 ГГ.)

Трышын Раман Уладзіміравіч
студэнт, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Беларусь, г. Мінск
Лянцэвіч Вольга Міхайўлаўна
научный руководитель, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, Белорусский Государственный Экономический Университет, Беларусь, г. Мінск

 

RELIGIOUS POLICY OF THE POLISH AUTHORITIES IN WESTERN BELARUS (1921–1939)

 

Trishin Roman Vladimirovich

Student, Belarusian State Economic University, Belarus, Minsk

Lentsevich Olga Mikhaylovna

Candidate of Historical Sciences Associate Professor, Belarusian State Economic University, Belarus, Minsk

 

Актуальнасць тэмы абумоўлена неабходнасцю аб’ектыўнага аналізу дзяржаўна-канфесійных адносін у міжваенны перыяд для разумення гістарычных каранёў сучасных беларуска-польскіх адносін і праблем захавання рэлігійнай ідэнтычнасці. Нягледзячы на значную колькасць публікацый, многія аспекты рэлігійнай палітыкі Польшчы ў Заходняй Беларусі застаюцца дыскусійнымі, што і вызначае навізну дадзенага даследавання: яно прапануе комплексны погляд на супярэчнасць паміж дэклараванай у міжнародных дагаворах і канстытуцыі талерантнасцю і рэальнай палітыкай асіміляцыі і дыскрымінацыі праваслаўнага насельніцтва.

Навуковая праблема даследавання фармулюецца як супярэчнасць паміж афіцыйнымі прынцыпамі роўнасці канфесій у Другой Рэчы Паспалітай і сістэмнымі мерамі польскага ўрада па абмежаванні Праваслаўнай царквы і паланізацыі праваслаўных вернікаў. Асноўнае даследчае пытанне: якія механізмы і этапы рэлігійнай палітыкі польскіх улад у Заходняй Беларусі дазволілі трансфармаваць праваслаўе з дамінуючай канфесіі ў пераследуемую?

Аб’ект даследавання – рэлігійная палітыка польскай дзяржавы на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг. Прадмет – формы, метады і вынікі ўздзеяння ўлад на праваслаўную царкву, а таксама становішча іншых канфесій.

Паводле Рыжскага мірнага дагавора , які скончыў польска-савецкую вайну, тэрыторыя Беларускай ССР была падзелена на дзве часткі: 12 яе заходніх паветаў трапілі на польскі бок, 6 – на савецкі. Такім чынам Заходняя Беларусь увайшла ў склад Польскай Рэспублікі.

Канстытуцыя Польскай Рэспублікі ад 17 сакавіка 1921 г. абвяшчала свабоду веравызнання (арт. 111) [5], аднак удакладняла, што «рымска-каталіцкая вера, будучы вераю большасці нацыі, займае ў дзяржаве выключнае становішча сярод роўных перад законам канфесій» (арт. 114) [5]. Рыжскі мірны дагавор паміж Польшчай, РСФСР і Украінскай ССР ад 18 сакавіка 1921 г. (арт. 7) [9] абавязваў бакі забяспечыць правам меншасцей (у тым ліку праваслаўным) свабоднае выкарыстанне мовы, вызнанне рэлігіі і развіццё культурных устаноў. Аднак на практыцы гэтыя нормы сістэматычна парушаліся. Асобнай падставай для ціску на праваслаўе сталі «Часовыя правілы аб стаўленні ўрада да праваслаўнай царквы ў Польшчы» [8], якія перадавалі царкву «ў поўнае і рэальнае распараджэнне адміністрацыйных улад» [7, с. 145]. Такім чынам, ужо на пачатку 1920-х гг. склалася юрыдычная аснова для дзяржаўнага ўмяшання ва ўнутраныя справы праваслаўнай царквы.

Канфесійны склад насельніцтва Заходняй Беларусі

Заходняя Беларусь характарызавалася высокім узроўнем рэлігійнасці і шматканфесійнасцю. Згодна з афіцыйнай польскай статыстыкай, канфесійны склад насельніцтва Заходняй Беларусі быў наступным: каталікі – 36,1%, праваслаўныя – 53,5%, іўдзеі – 9,3% і 1,1% іншыя канфесіі [1, с. 20–22]. Такім чынам, праваслаўныя складалі абсалютную большасць, што рабіла іх галоўным аб’ектам дзяржаўнай палітыкі ўніфікацыі. Каталіцкае насельніцтва, пераважна польскае па самаідэнтыфікацыі, не выказвала моцнага незадавальнення ўваходжаннем у склад Польшчы. Таму асноўныя намаганні асіміляцыйнага курсу былі скіраваны супраць праваслаўных і ў меншай ступені – супраць іўдзеяў.

Канцэптуальныя падыходы да праваслаўя

У пачатку 1920-х гг. у польскага кіраўніцтва не існавала адзінай канцэпцыі дзеянняў адносна праваслаўнай царквы. Польскі гісторык М. Каліна вылучае два асноўныя падыходы [2, с. 79]. Першы прадугледжваў ліквідацыю ці выцясненне ўплыву праваслаўнай царквы як мага далей на ўсход, аднак гэта пагражала рэлігійнымі і міжнацыянальнымі канфліктамі, а таксама рызыкай замены праваслаўя на грэка-каталіцтва. Другі падыход, які і быў рэалізаваны на практыцы, прадугледжваў арганізацыйную перабудову царквы ў патрэбным дзяржаве кірунку, гэта значыць поўнае яе падпарадкаванне ўраду і выкарыстанне для ўмацавання польскай дзяржаўнасці.

Барацьба за аўтакефалію

Адным з ключавых інструментаў падпарадкавання праваслаўнай царквы стала навязванне ёй аўтакефаліі (царкоўнай самастойнасці). Польскі ўрад імкнуўся разарваць кананічную сувязь з Маскоўскім патрыярхатам, каб пазбегнуць уплыву СССР на праваслаўнае насельніцтва. 14–15 чэрвеня 1922 г. сабор епіскапаў у Варшаве абвясціў аўтакефалію Праваслаўнай царквы ў Польшчы. Паколькі кантакту з арыштаваным патрыярхам Ціханам не было, польскі бок звярнуўся да экуменічнага патрыярха ў Канстанцінопалі [4, с. 126]. Патрыярх Мялецій IV 13 мая 1923 г. выдаў адпаведную пастанову, а канчатковае прызнанне адбылося ў 1925 г. [3, c. 129]. Аднак аўтакефалія не была прызнана РПЦ, што выклікала ўнутрыцаркоўны раскол і канфлікты. Значная частка духавенства і вернікаў, асабліва ў Заходняй Беларусі, захоўвала лаяльнасць да Маскоўскага патрыярхата.

Супрацьстаянне польскай адміністрацыі і прыхільнікаў захавання кананічнага адзінства з РПЦ праяўлялася, напрыклад, у гісторыі епіскапа Уладзіміра (Ціханіцкага). Удзельнікі Гродзенскага епархіяльнага з’езда 14 ліпеня 1922 г. прынялі рэзалюцыю аб непарыўнасці адзінства з РПЦ. Аднак ужо ў кастрычніку 1922 г. епіскап Уладзімір быў вызвалены ад кіравання Гродзенскай епархіяй, 8 студзеня 1923 г. тайна вывезены і зняволены ў Дэрманскі манастыр, а 14 лістапада 1924 г. высланы з Польшчы [7, с. 158–159].

Рэвіндыкацыя царкоўнай маёмасці.

Польскі гісторык А. Мірановіч вылучае тры этапы рэвіндыкацыі – адабрання маёмасці, якая належала праваслаўнай царкве, на карысць рымска-каталіцкага касцёла.

Першы этап (1918–1924 гг.) насіў стыхійны характар і суправаджаўся захопам цэркваў без судовага рашэння. Паводле даных Міністэрства веравызнанняў і народнай асветы, у 1914 г. праваслаўная царква валодала 640 былымі ўніяцкімі цэрквамі і 240 лацінскімі аб’ектамі. У 1918–1924 гг. каталіцкая царква прыняла 315 аб’ектаў (175 уніяцкіх і 140 лацінскіх). У руках праваслаўных засталося 350 уніяцкіх храмаў і 80 лацінскіх [6, c. 20–21].

Другі этап (1929–1933 гг.) – масавы судовы ціск. Фармальнай прычынай паслужыла пастанова Вярхоўнага суда ў Варшаве аб перапыненні тэрміну даўнасці іскаў аб вяртанні маёмасці, страчанай падчас падзелаў. Лацінскія біскупы падалі 614 іскаў супраць праваслаўных кансісторый, 32 іскі супраць дзяржавы і 109 іскаў супраць прыватных асоб. Прэтэнзіямі была ахоплена амаль трэць усёй царкоўнай маёмасці [6, c. 21].

Трэці этап (1937–1939 гг.) – фізічнае знішчэнне цэркваў. Знос сакральных аб’ектаў адбываўся на працягу ўсяго міжваеннага перыяду, але ў 1938 г. узнікла праграмная акцыя ліквідацыі цэркваў як «рускай спадчыны». Ініцыятарам выступалі ўрадавыя колы, а непасрэдным выканаўцам – Таварыства развіцця ўсходніх зямель. Усяго было разбурана больш за 30 цэркваў, уключаючы саборы ў Варшаве, Холме і Беластоку [6, c. 27].

Але адабранне праваслаўных храмаў не насіла характару дзяржаўнай неабходнасці ці задавальнення рэлігійных патрэб насельніцтва іншага веравызнання. Факты паказваюць, што большасць з адабраных цэркваў заставалася амаль без выкарыстання альбо абслугоўвала невялікую колькасць веруючых рымска-каталіцкага веравызнання. У той жа час сотні і тысячы праваслаўных былі пазбаўлены малітоўных дамоў. Да чэрвеня 1936 г. у беларускіх паветах Полыпчы ў касцёлы было пераўтворана больш за 1300 праваслаўных храмаў [7, c. 201]

Становішча іншых канфесій

Рымска-каталіцкая царква з’яўлялася прывілеяванай канфесіяй. Каталіцкае духавенства актыўна падтрымлівала паланізацыйны курс, пераход праваслаўных у каталіцтва заахвочваўся адміністрацыйнымі і эканамічнымі метадамі. Аднак адносіны паміж польскім урадам і Ватыканам не заўсёды былі бясхмарнымі: напрыклад, канкардат 1925 г. забяспечваў каталіцкай царкве шырокія правы, але ўрад перыядычна канфліктаваў з епіскапатам з-за ўмяшання ў палітыку.

Беларусы-каталікі апынуліся ў Віленскай, Пінскай і Ломжынскай дыяцэзіях. Польскія ўлады пры падтрымцы каталіцкіх вярхоў праводзілі курс на нацыянальную асіміляцыю беларусаў, выкарыстоўваючы каталіцкую царкву як інструмент уцягвання беларусаў у польскі дзяржаўны і культурны ўплыў. Адбывалася выцясненне беларускай мовы з касцёлаў і школ: набажэнствы і катэхізацыя на беларускай мове дапускаліся толькі з дазволу польскага епіскапата паводле канкардата 1925 г. Святароў, якія ўжывалі беларускую мову і развівалі нацыянальную свядомасць, арыштоўвалі, перамяшчалі з парафій, высылалі з пагранічнай паласы і судзілі. Нягледзячы на рэпрэсіі, дзейнічала газета «Беларуская крыніца» – орган Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, якую неаднаразова канфіскоўвалі і закрывалі. Беларускія святары змагаліся за права роднай мовы ў касцёле. Асаблівы ціск з боку іерархаў ажыццяўляў віленскі архібіскуп Р. Ялбжыкоўскі, вядомы як «беларусажэр», які забараніў беларусам-каталікам належаць да БХД і супрацоўнічаць з «Беларускай крыніцай» [7, с. 199–216].

Нягледзячы на асіміляцыйны ціск, у Заходняй Беларусі, у адрозненне ад Усходняй, касцёлы не разбуралі, духавенства не рэпрэсавалі масава, і вернікі мелі рэальную магчымасць вызнаваць веру. Аднак беларускае жыццё было пастаянна пад пагрозай паланізацыі і адміністрацыйных абмежаванняў.

Іўдзейскае насельніцтва (9,3%) падвяргалася дыскрымінацыі ў эканамічнай і адукацыйнай сферах, аднак рэлігійнае жыццё амаль не абмяжоўвалася. Польскі ўрад выкарыстоўваў яўрэйскія абшчыны як буфер паміж палякамі і беларусамі, што, аднак, не азначала адсутнасці антысеміцкіх акцый, асабліва ў 1930-я гг.

Выснова

Правёўшы аналіз рэлігійнай палітыкі польскіх улад у Заходняй Беларусі (1921–1939), прыходзім да наступных высноў.

Па-першае, выяўлена фундаментальная супярэчнасць паміж канстытуцыйнымі прынцыпамі свабоды веравызнання і рэальнай палітыкай, накіраванай на прывілеяванае становішча каталіцкай царквы і сістэмнае абмежаванне праваслаўя. Юрыдычнай асновай умяшання сталі «Часовыя правілы» 1922 г., якія паставілі праваслаўную царкву пад кантроль адміністрацыі.

Па-другое, асноўнымі механізмамі ціску выступалі: навязванне аўтакефаліі, рэвіндыкацыя царкоўнай маёмасці і паланізацыя набажэнстваў. У 1929–1933 гг. было пададзена 614 іскаў супраць праваслаўных, а к 1939 г. разбурана больш за 1500 цэркваў як «руская спадчына».

Па-трэцяе, параўнанне з этнічна польскімі рэгіёнамі паказвае, што на «ўсходніх крэсах» палітыка была значна больш жорсткай, што сведчыць пра яе нацыянальна-палітычны, а не рэлігійны характар. Беларусы-каталікі таксама падвяргаліся моўнай дыскрымінацыі. Іўдзеі сутыкаліся з эканамічнай дыскрымінацыяй, але іх рэлігійнае жыццё амаль не абмяжоўвалася.

Такім чынам, праваслаўе трансфармавалася з дамінуючай канфесіі у пераследуемую, аднак захавала пазіцыі як аснова ідэнтычнасці беларускага насельніцтва.

 

Спіс выкарыстаных крыніц:
1. Drugi Powszechny Spis Ludności z dn. 9.XII 1931 r.: mieszkania i gospodarstwa domowe, ludność, stosunki zawodowe : województwo białostockie. – Warszawa : Główny Urząd Statystyczny, 1938. – 382 s.
2. Kalina, M. Polonizacja Cerkwi prawosławnej w województwie białostockim (1918–1939) / Mirosława Kalina // Białoruskie Zeszyty Historyczne. – 1995. – № 2 (4). – S. 74–105.
3. Borkowski, A. Pertraktacje rządu polskiego z patriarchatem ekumenicznym w sprawie przyznania autokefalii Kościołowi prawosławnemu w Polsce w latach 1920–1923 / A. Borkowski // Autokefalie Kościoła prawosławnego w Polsce / Uniw. w Białymstoku ; pod red. A. Mironowicz, U. Pawluczuk, P. Chomik. – Białystok : Wydaw. Uniw. w Białymstoku, 2006. – S. 123–138.
4. Свитич, А. Православная церковь в Польше и ее автокефалия / Александр Свитич. – Буэнос-Айрес : Наша страна, 1959. – VIII, 231 с.
5. Konstytucja Rzeczypospolitej Polskiej z dnia 17 marca 1921 r. // Канстытуцыя Польскай Рэспублікі ад 17 сакавіка 1921 г. // WorldConstitutions.ru. – URL: https://worldconstitutions.ru/?p=742 (дата звароту: 31.05.2026).
6. Mironowicz, A. Rewindykacja prawosławnych obiektów sakralnych na terenie II Rzeczypospolitej / A. Mironowicz // Białoruskie Zeszyty Historyczne. – 2004. – № 22. – S. 19–34.
7. Канфесіі на Беларусі (канец XVIII–XX стст.) / В. В. Грыгор’ева [і інш.] ; пад навук. рэд. У. І. Навіцкага. – Мінск : Экаперспектыва, 1998. – 337 с.
8. Tymczasowe przepisy o stosunku Rządu do Kościoła Prawosławnego w Polsce z dnia 30 stycznia 1922 r. // Monitor Polski. – 1922. – Nr 38, poz. 20. – 2 s.
9. Мирный договор между Россией и Украиной с одной стороны и Польшей с другой. Подписан в г. Риге 18 марта 1921 года // Электронная библиотека исторических документов. – URL: https://docs.historyrussia.org/ru/nodes/350308 (дата обращения: 31.05.2026).