Статья:

ДЫНАМІКА РАЗВІЦЦЯ ПРАВАВОЙ СІСТЭМЫ Ў XVI СТ.: СТАТУТНЫ ПЕРЫЯД ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА

Журнал: Научный журнал «Студенческий форум» выпуск №25(376)

Рубрика: Юриспруденция

Выходные данные
Гасанова Н.А. ДЫНАМІКА РАЗВІЦЦЯ ПРАВАВОЙ СІСТЭМЫ Ў XVI СТ.: СТАТУТНЫ ПЕРЫЯД ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА // Студенческий форум: электрон. научн. журн. 2026. № 25(376). URL: https://nauchforum.ru/journal/stud/376/189383 (дата обращения: 13.07.2026).
К условиям публикации Скачать журнал
Журнал опубликован
Мне нравится
на печатьскачать .pdfподелиться

ДЫНАМІКА РАЗВІЦЦЯ ПРАВАВОЙ СІСТЭМЫ Ў XVI СТ.: СТАТУТНЫ ПЕРЫЯД ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА

Гасанова Нуркун Агалар кызы
студэнт, Беларускага Дзяржаўнага Эканамічнага Універсітэта, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск
Лянцэвіч Вольга Міхайлаўна
научный руководитель, канд. гіст. навук, дацэнт, Беларускага Дзяржаўнага Эканамічнага Універсітэта, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск

 

Мэта работы – прааналізаваць эвалюцыю прававой сістэмы Вялікага Княства Літоўскага (далей – ВКЛ) ў XVI ст. на аснове трох Статутаў (1529, 1566 і 1588 гг.). Разгледзім асноўныя этапы кадыфікацыі права, выявім ключавыя змены ў дзяржаўным, судовым, крымінальным і грамадзянскім заканадаўстве. Абапіраючыся на гісторыка-прававую літаратуру, тэксты Статутаў і вынікі сучасных даследаванняў, прааналізуем дынаміку развіцця права ў ВКЛ, а таксама вызначым ролю Статута 1588 г. у захаванні дзяржаўнага суверэнітэту.

У XVI ст. ВКЛ перажыло глыбокія змены, што, безумоўна, адбілася на развіцці прававой сістэмы дзяржавы. Аграрная рэформа 1557 г. («Устава на валокі») змяніла сістэму землекарыстання і стала важкім этапам на шляху юрыдычнага замацавання прыгоннай залежнасці сялян. Люблінская унія 1569 г. злучыла ВКЛ і Каралеўства Польскае ў канфедэратыўную дзяржаву – Рэч Паспалітую, што паставіла пад пытанне захаванне самастойнасці літоўска-беларускага права [1, с. 90–107]. У духоўнай сферы Рэфармацыя і наступная за ёй Контррэфармацыя прывялі да рэлігійнага расколу. Аднак Варшаўская канфедэрацыя 1573 г. замацавала прынцыпы верацярпімасці, што было ўнікальнай з'явай для Усходняй Еўропы таго часу [2, с. 115–118].

У гэтай складанай абстаноўцы з’явіліся тры кадыфікаваныя крыніцы новага ўзроўню, – Статуты 1529, 1566 і 1588 гг. Яны замянілі стракатыя княскія граматы, прывілеі і мясцовыя звычаі і сталі асноўнай крыніцай права на землях Княства.

Статут 1529 г. Калі казаць пра першы Статут, то да пачатку XVI ст. прававая сістэма ВКЛ уяўляла сабой даволі стракатую карціну. Агульнадзяржаўныя нормы замацоўваліся ў агульназемскіх прывілеях – такіх, як прывілеі Ягайлы 1387 г. або Казіміра 1447 г. У асобных землях, напрыклад у Полацкай ці Віцебскай, дзейнічалі свае абласныя граматы. Гарады ж кіраваліся нормамі магдэбургскага ці хэлмскага права. Першай спробай кадыфікаваць крымінальнае права стаў Судзебнік Казіміра 1468 г. А ў сельскай мясцовасці панавала звычаёвае права, у тым ліку так званыя копныя суды. Зразумела, што такая разнастайнасць стварала сур'ёзныя цяжкасці для кіравання дзяржавай: шляхта патрабавала дакладных правілаў, ды і вялікі князь меў патрэбу ў адзіным законе для ўсёй краіны.

Распрацоўка Статута 1529 г. вялася камісіяй пад кіраўніцтвам канцлера Альбрэхта Гаштольда. Прафесар І.А. Юхо называў гэты дакумент не інакш як «зборам законаў», у якім прапісаны асновы дзяржаўнага і грамадскага ладу [3, с. 529–530]. У адрозненне ад Судзебніка Казіміра, які закранаў даволі вузкае кола злачынстваў, першы Статут ахапіў і дзяржаўнае, і грамадзянскае, і крымінальнае, і працэсуальнае права.

Вельмі важнай рысай гэтага дакумента стала яго канстытуцыйная скіраванасць. Даследчыца В.М. Бібіла падкрэслівае, што якраз у 1529 г. упершыню прагучала ідэя вяршэнства пісанага закона [1, с. 90–107]. Артыкул 9 першага раздзела абвяшчаў, што ўсе падданыя, як убогія, так і багатыя, мусяць быць судзімы роўна [4, с. 42]. Вядома, роўнасць гэтая была хутчэй фармальнай, бо прыгонны і князь усё адно аказваліся перад судом у зусім розным становішчы. Але сама думка аб адзіным законе для ўсіх свабодных людзей была для свайго часу па-сапраўднаму наватарскай.

Не менш значным быў і прынцып індывідуальнай адказнасці. У Статуце прама гаварылася: ніхто іншы ні за чый выступ не павінен быць пакараны, толькі кожны сам за свой выступ мае цярпець [4, с. 41].Для феадальнага свету, дзе практыкавалася кругавая парука, гэтае становішча было прагрэсіўным.

Першы Статут меў і недахопы. Дакумент утрымліваў прабелы. У некаторых выпадках суддзям дазвалялася кіравацца «старым звычаем», то бок звычайным правам, якое нідзе не было запісана і насіла партыкулярны характар.

Статут 1566 г. У 1564–1566 гг. у ВКЛ была праведзена адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа. Краіну падзялілі на ваяводствы і паветы. Гэта запатрабавала дакладнага юрыдычнага афармлення. Адначасова рос уплыў вальнага сойма. Шляхта, якая разбагацела на фальварках, дамагалася пашырэння палітычных правоў.

Статут 1566 г., які гісторыкі часам завуць Валынскім (ён даволі доўга дзейнічаў на ўкраінскіх землях), складаўся з 14 раздзелаў і 367 артыкулаў [5, с. 14]. Менавіта гэты кодэкс юрыдычна замацаваў у ВКЛ саслоўна-прадстаўнічую манархію. А.Б. Закшэўскі адзначае, што ў ВКЛ склалася мадэль, пры якой улада вялікага князя сур'ёзна абмяжоўвалася правам і дзейнасцю сойма [6, с. 16–23]. Статут канчаткова аформіў павятовыя соймікі – мясцовыя зборы шляхты, без згоды якіх князь не мог ні пачаць вайну, ні ўвесці новы падатак.

Але самай важнай часткай кодэкса стала судовая рэформа. Бельскі прывілей 1564 г. абвясціў стварэнне судоў, цалкам незалежных ад ваяводскай адміністрацыі. Земскія суды зрабіліся выбарнымі: шляхта на сойміках прапаноўвала чатырох кандыдатаў у суддзі, а князь зацвярджаў аднаго з іх пажыццёва. Суддзя, падсудак і пісар больш не маглі быць звольненыя па адным толькі капрызе княжацкай адміністрацыі [5, с. 24]. У крымінальным праве замацавалі прэзумпцыю невінаватасці [5, с. 252], узрост адказнасці ўстанавілі з 14 гадоў, а пакаранні падзялілі на асноўныя (штрафы, турэмнае зняволенне, смяротнае пакаранне) і дадатковыя (выгнанне, пазбаўленне гонару) [7, с. 67–70].

Такім чынам, другая рэдакцыя Статута ВКЛ абазначыла сабой пераход ад сярэднявечнага звычайнага права да раннемадэрнай прававой сістэмы.

Статут 1588 г. Нарэшце, Статут 1588 г. Пасля Люблінскай уніі 1569 г. ВКЛ здолела захаваць уласны адміністрацыйны апарат, войска, скарб і заканадаўства, аднак Польшча ўвесь час настойвала на ўніфікацыі права і абмежаванні суверэнітэту Княства [1, с. 90–107]. У такіх умовах востра спатрэбіўся кодэкс, які б дакладна зафіксаваў прававую самастойнасць ВКЛ. Узначаліў падрыхтоўку Леў Сапега

Статут 1588 г. выразна замацаваў тэрытарыяльную цэласнасць ВКЛ. У ім было запісана, што гаспадар абяцае размножваць Вялікае Княства Літоўскае [8, с. 115], і забаранялася прызначаць на пасады чужаземцаў: усе годнасці павінны давацца толькі літве, русі, жамойці – мясцовым ураджэнцам [8, с. 118–119]. Пад «чужынцамі» тады разумелі найперш палякаў.

Такім чынам, Статут фактычна ігнараваў некаторыя палажэнні Люблінскай уніі. У сваёй знакамітай прадмове «Зварот да ўсіх саслоўяў» Сапега, цытуючы Цыцэрона, сфармуляваў галоўны прынцып: людзі з'яўляюцца нявольнікамі правоў дзеля таго, каб маглі карыстацца вольнасцю, і нават гаспадар можа рабіць толькі тое, што дазваляе яму права [8, с. 47]. Інакш кажучы, нават кароль не вышэй за закон.

У грамадзянскім праве дэталізавалі дамовы куплі-продажу, пазыкі, арэнды, закладу. Жанчына атрымала права распараджацца пасагам і «венам» – маёмасцю, вылучанай мужам. Удава магла кіраваць маёмасцю дзяцей да іх паўналецця. Крымінальнае права зрабілася мякчэйшым: смяротнае пакаранне забаранілі для цяжарных жанчын і непаўналетніх.

Статут 1588 г. заставаўся дзеючым на тэрыторыі Беларусі аж да 1840 г. і аказаў велізарны ўплыў на права суседніх дзяржаў

Асноўныя напрамкі эвалюцыі права (1529-1588 гг.). Прасочваюцца тры галоўныя вектары змены права па трох рэдакцыях Статута ВКЛ.

1) Сістэматызацыя.  Ужо ў Статуце 1529 г. вызначыўся падзел на галіны права. У рэдакцыі 1566 г. раздзел аб судах перанеслі на чацвёртае месца, што падкрэслівала незалежнасць судовай улады. Як слушна заўважае Д.У. Шчэрбік, у праве ВКЛ захоўвалася пераемнасць: новыя нормы не ламалі старыя, а прыстасоўваліся да мясцовых умоў [9, с. 132–135].

2) Гуманізацыя. Заканадавец відавочна імкнуўся супамерыць пакаранне злачынству. У кодэксах замацавалі прэзумпцыю невінаватасці, пачалі прызнаваць змякчальныя акалічнасці, абмежавалі смяротнае пакаранне, абаранялі правы ўдоў і сірот. Усё гэта дазваляе гаварыць аб праве ВКЛ як аб адным з самых прагрэсіўных у тагачаснай Еўропе.

3) Палітызацыя. Пасля Люблінскай уніі 1569 г. Статуты ператварыліся ў магутны інструмент захавання дзяржаўнай самастойнасці ВКЛ, яны абмяжоўвалі польскі ўплыў у адміністрацыі і судах. Цэнтральнай фігурай гэтых працэсаў, безумоўна, быў Леў Сапега, які дамогся зацвярджэння Статута 1588 г., умацаваўшы тым самым пазіцыі ВКЛ у складзе канфедэрацыі.

Заключэнне. Статутны перыяд у гісторыі права ВКЛ ахапіў амаль усё XVI стагоддзе. За гэты час былі створаны тры рэдакцыі звода законаў, якія ўпарадкавалі разрозненыя прававыя нормы. Сфармавалася прававая сістэма, заснаваная на вяршынстве закона, выбарнасці суддзяў і саслоўным прадстаўніцтве. Акрамя таго, Статут 1588 г. стаў сапраўдным шчытом для суверэнітэту ВКЛ пасля падпісання Люблінскай уніі. Памяць аб гэтых кодэксах захоўвалася ў беларускім грамадстве вельмі доўга, нават пасля іх афіцыйнай адмены ў 1840 г.

 

Спіс літаратуры:
1. Бибило, В. Н. Политические и правовые аспекты Статута Великого княжества Литовского 1529 г. / В. Н. Бибило // Право и демократия : сб. науч. тр. – Минск : БГУ, 2015. – Вып. 26. – С. 90–107.
2. Логунова, Е. С. Принцип свободы вероисповедания в статутном законодательстве Великого Княжества Литовского / Е. С. Логунова // НИРС БГЭУ : сб. науч. ст. – Минск : БГЭУ, 2023. – Вып. 12. – С. 115–118.
3. Юхо, Я. А. Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 г. / Я. А. Юхо // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. – Мінск : БелЭн, 2001. – Т. 6, кн. 1. – С. 529–530.
4. Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 г. / пад рэд. К. І. Яблонскіса. – Мінск : Выд-ва АН БССР, 1960. – 256 с.
5. Доўнар, Т. І. Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года / Т. І. Доўнар, У. М. Сатолін, Я. А. Юхо ; рэдкал. Т. І. Доўнар [і інш.]. – Мінск : Тэсей, 2003. – 352 с.
6. Закшэўскі, А. Б. Юрыдычна-адміністрацыйны рэгіяналізм у Рэчы Паспалітай / А. Б. Закшэўскі // Беларускі гістарычны агляд. – 1995. – Т. 2, сш. 1. – С. 16–23.
7. Коледа, В. В. Правовое регулирование мобилизации Посполитого Рушения в законодательстве Великого княжества Литовского XVI в. / В. В. Коледа // Право и демократия : сб. науч. тр. – Минск : БГУ, 2008. – Вып. 19. – С. 67–70.
8. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 : Тэксты. Даведнік. Каментарыі / рэдкал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелСЭ, 1989. – 428 с.
9. Щербик, Д. В. Значение статутов Великого княжества Литовского в преемственном развитии права / Д. В. Щербик // Вестник Полоцкого государственного университета. Сер. D. – 2009. – № 10. – С. 132–135